У Магілёве бульба стала элітнай стравай: іранскія кавуны на рынку каштуюць танней, чым самыя папулярныя беларускія караняплоды.

Карыстальнікі інтэрнэту выклалі відэа ў сацсетцы ЦікТок, на якім дакументальна пацверджаны поспех беларускай гаспадаркі. Кавун прыехаў за тры тысячы кіламетраў, перажыў мяжы, мытню і тугу па радзіме — і ўсё роўна каштуе танней, чым бульба, якая вырасла на родным калгасным полі. Кавун, вырашчаны іранскімі фермерамі, каштуе 5 рублёў 29 капеек, а гонар айчыннай сельскай гаспадаркі – 5 рублёў 53 капейкі. Калі так пойдзе далей, то дранікі давядзецца церці з ананасаў ці манга. А што, вытворчасць працы ж у далёкіх экзатычных краінах каштуе таней, чымся ў самай паспяховай дзяржаве ў Еўропе.
Падаецца, што хутка будзем набываць бульбу на чорным рынку — пад покрывам ночы, у папяровым пакеце і па паролі “жыве бульбачка”. І гэта не жарт. Хаця ва ўсёй гэтай гісторыі з нечаканым дэфіцытам другога хлеба беларусаў ёсць і плюс. Яшчэ пару такіх безбульбяных сезонаў і крыўдная каланіяльная мянушка “бульбаш” перастане быць актуальнай. А можа, гэта насамрэч нашыя клапатлівыя ўлады робяць усё, каб нас дэкаланізаваць. Дзякуй ім вялікі тады за тое, што іранскія кавуны, а не беларуская бульба, стала сімвалам краю роднага! І гэта яшчэ пакістанцы не прыехалі.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту






