У Беларусі традыцыйна рыхтуюцца да святкавання Дня абаронца Айчыны. Жанчыны ледзь не ў прамысловых маштабах набываюць шкарпэткі, а ўлады рыхтуюць пафасныя мерапрыемствы з канцэртнай праграмай і паказальнымі выступамі вайскоўцаў. Усё, як заўжды.

І гэта нягледзячы на тое, што 23 лютага – гэта свята не беларускага, а нейкага чужога, не нашага войска. Аднак у гэтым дзень большасць мужчын і хлопчыкаў усё роўна атрымаюць у падарунак шкарпэткі. Прычым нават калі мужчыны ніколі не былі і не збіраюцца ў войска, калі яны вопратку колеру хакі апранаюць толькі ў лес па грыбы, іх усё роўна віншуюць з Днём абаронца Айчыны.
Якую гістарычную абгрунтаванасць мае 23 лютага да абаронцаў Айчыны, тым болей, беларускай, – невядома. Гэтае свята прыдумалі бальшавікі. Нібыта ў гэты дзень нарадзіліся чырвоная армія. І нібыта ў гэты дзень у 1918 годзе чырвоная армія спыніла немцаў пад Псковам і Нарвай. Што праўда, немцы і не збіраліся ісці далей за Пскоў і Нарву. Больш за тое, 23 лютага 1918 года, чырвоная армія перамогі аніякай не атрымала, а наадварот збегла пры набліжэнні праціўніка.
Але для большасці чыноўнікаў Беларусі гэта няважна. Яны, відаць, і не ведаюць усе гэтыя акалічнасці і думаюць, што Нарва – гэта назва піва. А немцы самі спыніліся ці іх нехта спыніў – гэта ўлады Беларусі не хвалюе. Для іх галоўнае і далей несці ў свет савецкую ідэалогію. Ды яшчэ можна на 23 лютага атрымаць шкарпэткі ў падарунак і накаціць сто грам… за абаронцаў Айчыны, за Нарву, ну, і за немцаў. Няхай і ім добра жывецца.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту






