Беларусы апошнім часам масава падселі на таро, астрапрагнозы, энергасеансы і розныя анлайн-гаданні.

Усе гэтыя «ведзьмы», «чараўніцы» і «практычныя псіхолагі-эзатэрыкі» штодня выкладваюць ролікі, дзе ўпэўнена прадказваюць хуткія перамены, «новыя калектыўныя вібрацыі», «выхад на пяты ўзровень свядомасці» або нават «хуткую перамогу святла над цемрай». І гэты кантэнт збірае не дзясяткі і не сотні, а сотні тысяч праглядаў!
Публіка слухае, як хто-небудзь з картак таро счытвае «будучыню краіны» або «шлях асабістага абуджэння». Некаторыя нават заказваюць прыватныя расклады, каб даведацца, калі «рэжым упадзе», ці «вернецца каханы», ці «пачнуць плаціць еўрапейскія гранты».
Гэта ўсё вельмі нагадвае істэрыю канца 1980-х — пачатку 1990-х, калі людзі зачаравана сядзелі каля тэлевізара і «зараджалі» слоікі з вадой пад рукой Чумака, глядзелі ў гіпнатычны погляд Кашпіроўскага, а самыя рашучыя — уступалі ў «белае брацтва» або іншыя сектанцкія колы. Тады чакалі, што праз экран не толькі вылечаць, але і выратуюць. Цяпер жа спадзяюцца, што праз экран картак таро і «каналаў з касмічнай энергіяй» хтосьці аб’явіць: усё, перамога ўжо на парозе.
Але ёсць адна простая выснова: калі ў краіне няма дэмакратыі, свабоды СМІ, свабоды слова і адкрытых грамадскіх дыскусій, — абавязкова прыходзіць час прайдзісветаў. Бо калі няма каму задаваць нязручныя пытанні і аналізаваць рэальнасць, то людзі пачынаюць шукаць адказ у «вышэйшых сіл».
Карацей, калі журналісты і палітолагі вымушаны маўчаць або з’язджаць, карткі таро пачынаюць гаварыць. І гаварыць вельмі ахвотна — пра ўсё на свеце.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: shutterstock.com






