Відаць, у Партызанскім судзе Менска наступіў рэдкі, але важны юрыдычны сезон — сезон перадумвання. Спачатку мантыі былі ўпэўненыя ў сабе, як прысуд без апеляцыі: сайт Рады Еўропы — “экстрэмісцкі”. Не блог ананімнага дыверсанта, не чат суседзяў з пад’езда, а цэлая Рада Еўропы. Та самая, што гадамі займалася правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права. Відаць, апошняе і падалося асабліва падазроным.

Але ўжо праз пяць дзён — цуд. Не калядны, але судовы. Праз 5 дзён высвятлілася, што Рада Еўропы ўсё ж не экстрэмісцкая. Магчыма, сайт сам раскаяўся. Магчыма, Еўропа папрасіла прабачэння. А магчыма, нехта ў судзе ўпершыню адкрыў спасылку і зразумеў, што там няма ні заклікаў, ні рэвалюцый, ні нават мемаў. Увогуле, гісторыя выглядае як класічны беларускі юрыдычны трылер: Прызнаць экстрэмісцкім! Ой, не тое. Скасаваць.
Партызанскі суд Менска зрабіў тое, што рэдка дазваляе сабе беларуская сістэма: прызнаў, што памыліўся. Праўда, не публічна, не з тлумачэннямі і не з выбачэннямі — проста перадумаў. Як чалавек, які спачатку забараніў сонца, а потым раптам зразумеў, што ў цемры не надта зручна. А ўвогуле, чаго спыняцца на дасягнутым. Можна прызнаць экстрэмісцкімі табліцу памнажэння, ці прагноз надвор’я. Галоўнае — паспець своечасова перадумаць.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя






