Быў у ад’ездзе, наўмысна адключыў на пэўны перыяд сувязь з радзімай, каб не расстройвацца з-за навінаў, аднак… Першае ж уключэнне інтэрнэту і на вочы трапляе матэрыял пад загалоўкам “Вернись на малую родину – такой девиз на следующую пятилетку выбран в Витебской области”.

У ім апісваецца выступленне намесніцы старшыні аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай. Спачатку чыноўніца ва ўсіх маляўнічых фарбах распісвала дасягненні Віцебшчыны, асабліва ў сацыяльнай сферы, якую яна, уласна, курыруе. А закончыла фразай:
— Дэвіз “Вярніся на малую радзіму” актуальны не толькі для моладзі, якая выязджае вучыцца, а потым вяртаецца ў родныя мясціны, але і для тых людзей, якія стварылі ўжо свой бізнэс, каб яны вярнуліся на малую радзіму ў выглядзе інвестара.
Адразу ўспомнілася гісторыя з Мёрскім металапракатным заводам. Коратка нагадаю. Бізнэсмен Аляксей Кавалёнак, родам з Мёршчыны, зарабіў значны капітал за межамі сінявокай, аднак у яго нарадзілася ідэя зрабіць штосьці добрае і для малой радзімы, для сваіх землякоў. Ён з нуля пабудаваў металапракатны завод, прыцягнуўшы па розных ацэнках ад 200 да 390 мільёнаў еўра прыватных інвестыцый. І вось калі завод быў цалкам гатовы і пачаў працаваць, лукашэнкаўскі рэжым наклаў на яго лапу, канфіскаваў, а самога бізнэсмена і яго бліжэйшых паплечнікаў — у сваіх лепшых традыцыях – пасадзіў.
Калі табе ўдалося за межамі Беларусі зарабіць капітал, то ні ў якім разе яго нельга і блізка падпускаць да Беларусі. Можна, хіба што, адрамантаваць ці нанова адбудаваць бацькоўскі дом, добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю. А больш – ні-ні. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра інвестыцыі ў сучасную Беларусь.
Рыгор Скамарох






