BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра ворагаў рэжыму

2020-ы год быў пяць гадоў таму, а ўлады Беларусі дагэтуль гэта згадваюць як страшэнны сон. І не проста згадваюць, а наўпрост называюць тагачасных удзельнікаў пратэстаў ворагамі народу. Пра гэта заявіў саміведаецехто падчас кадравых прызначэнняў. Маўляў, нейкія міністры абараняюць таленавітых людзей, хоць яны з’яўляюцца ворагамі дзяржавы. Затое цяпер дакладна вядома, што на першым месцы ва ўладаў Беларусі не талент, а вернасць рэжыму. Ну а што, а раптам які скрыпач пачне “пілаваць” не толькі скрыпку, але і праўду?

Саміведаецехто заявіў, што працаўнікам адукацыі, СМІ, культуры і спорту, якія выступалі супраць рэжыму ў 2020-м годзе, нельга дараваць падобных паводзін. І загадаў міністру культуры, каб такіх ворагаў дзяржавы ў дзяржаўных структурах не было. Улічваючы, што ў Беларусі амаль усё дзяржаўнае, то розным настаўнікам, спартоўцам, выкладчыкам, акторам, культурным дзеячам давядзецца развітацца са сваёй працай. То бок варта чакаць, што праверкі на лаяльнасць не спыняцца. Як і раней, самае галоўнае ўменне пры цяперашнім рэжыме – гэта ўменне спяваць у адзін голас па зацверджаным зверху сцэнарыі. Беларускі рэжым іншых меркаванняў не прызнае.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя