Лукашэнкаўскі рэжым 13 снежня вызваліў больш за 120 палітвязняў, сярод якіх грамадзяне Беларусі і замежнікі. Іх вывезлі часткамі ў тры краіны – Літву і Украіну.


У Літву прывезлі Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і 8 замежных палітвязняў. Каля Амбасады ЗША ў Вільні іх сустракалі беларусы і дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
Там яна ў размове з журналістамі выказала падзяку амерыканскім палітыкам і намаганням прэзідэнта Амерыкі – Дональду Трампу:
– Мы разумеем, як цяжка камунікаваць з рэжымам, рэжым хоча ўсё, даючы мала што ў замен. Канешне, кожны чалавек – гэта нашая каштоўнасць. І мы так рады бачыць на волі і Машу, і Віктара Дзмітрыевіча, і Максіма. Гэта, канешне, незабыўныя пачуцці. Заўжды памятаем пра астатніх. Гэта, канешне, не канец перамоўнага працэсу.

Як зазначыў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, тое, што ў Трампа на стале ляжыць кейс беларускіх палітзняволеных – гэта ўнікальна:
– Нідзе больш у свеце Трамп не займаецца пытаннямі палітзняволеных, таму што гэта яму блізка, важна, гэта, у тым ліку, вынік нашай працы. І тое, што ўсе партыі, усе сілы, усе палітычныя крылы ў амерыканскай адміністрацыі падтрымліваюць гэтае вызваленне, гэта таксама наша супольнае дасягненне. І кожны тыдзень, а апошні месяц кожны дзень мы былі ў кантакце з амерыканскай адміністрацыяй. І з Джонам Коўлам, і з яго жонкай Грэтай, і з Крысам Смітам.
Паводле Франака Вячоркі, амерыканцам сапраўды баліць за палітзняволеных і яны бачаць у іх вызваленні важную гуманітарную місію. “Для прэзідэнта Трампа – вельмі важна вырашаць крызісы, і гэта вось той крызіс, які рэальна можна вырашыць. І вось моцная пастава Трампа можа вырашыць крызіс і вызваліць людзей. І мы чакаем больш вызваленняў, мы чакаем працягу”, – кажа Франак Вячорка.
Беларускае Радыё Рацыя






