4 і 5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна праходзяць традыцыйныя ўрачыстасці – Будслаўскі фэст.

Паводле пастановы беларускага каталіцкага епіскапату, сёлетні Будслаўскі фэст праходзіць пад дэвізам «Міласэрнасць Божая – давяраем Табе». Падчас урачыстасцяў адбудзецца прысвячэнне Касцёлу на Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Згодна са шматгадовай традыцыяй на Будслаўскі фэст ішлі пілігрымкі з розных куткоў Беларусі. Першымі сёлета прыйшлі вернікі з Ліды яшчэ апоўдні ў пятніцу, 4 ліпеня. Яны ішлі 9 дзён і пераадолелі каля 250 кіламетраў. За імі прыйшлі пілігрымкі з Маладзечна, Смаргоні, Баранавічаў, Глыбокага ды іншых гарадоў. Кожную з 22 групаў пешых і роварных пілігрымаў перад уваходам у будслаўскую базіліку сустракалі пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік і Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Галоўная Святая Імша ў Будславе адбылася сёння. Яе правёў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Беларускае Радыё Рацыя