Смерць Івана Луцкевіча 20 жніўня 1919 года — гэта страта не проста аднаго чалавека, а страта адной з ключавых фігур, якая фармавала беларускую нацыянальную ідэю на пачатку XX стагоддзя.
Тым не менш, магіла яго страчана, няма помнікаў, назваў вуліц у гонар барацьбіта за незалежную Беларусь Івана Луцкевіча. Пра нацыянальнага героя Луцкевіча, які аддаў сваё жыццё за Беларусь, мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя, лідарам Руху Салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам.

РР: Якой бачыў Іван Луцкевіч будучыню Беларусі ў 1918-19 гадах мінулага стагоддзя? Якую пазіцыю ён займаў адносна БНР, савецкай улады і ўзаемаадносін з суседзямі?
Вячаслаў Сіўчык: Іван Луцкевіч разам са сваім братам Антонам з’яўляюцца аднымі з бацькоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта яго выступ і агітацыя пераканала некаторых сябраў Рады прагаласаваць за Трэцюю ўстаўную грамату. Таму натуральна, што ён бачыў Беларусь ужо 25 сакавіка 1918 года як незалежную еўрапейскую дзяржаву, што падкрэсліваецца ўсімі ўстаўнымі граматамі БНР.
РР: Як на яго здароўі і дзейнасці адбіліся складаныя палітычныя акалічнасці 1919 года – заняцце Вільні польскімі войскамі і крызіс БНР, вайна?
Вячаслаў Сіўчык: Беларусамі фактычна была згубленая магіла Івана Луцкевіча. Я быў неаднойчы на сімвалічнай магіле братоў Луцкевічаў у Вільні, але ж так атрымалася, што недаехаў да Закапан, дзе закончыўся зямны шлях Івана Луцкевіча. Ён даўно ўжо ў нябеснай Беларусі, але ён, як і тысячы іншых дзеячаў ужо гістарычнага пантыёну, ажывае і ў сённяшніх лёсах. Як вядома, ён памёр 20 жніўня 1919 года ад сухотаў у Закапанах, паехаўшы туды ў ліпені. Але ж я ведаю палітвязняў і ў Беларусі, і ў ва Украіне ў мяне ёсць пабрацімы, якія таксама атрымалі сухоты падчас зняволення, ужо ў наш найноўшы час. І калі Іван Луцкевіч атрымаў гэтую страшную хваробу, гэта было ў Санкт-Пецярбурзе, ён быў арыштаваны і знаходзіўся ў знакамітых піцерскіх “крестах” каля трох месяцаў. Але ж гэта цалкам хапіла, каб атрымаць вось гэтую страшэнную і смяротную хваробу, ад якой пакутуюць беларусы і сёння, асабліва тыя, якія праходзяць праз зняволенне.
Таксама гэта мне нагадвае лёс шматлікіх беларусаў, якія нават за тое, што былі кінутыя незаконна падчас лукашэнкаўскага часу на суткі, таксама згубілі здароўе, хаця сядзелі па такіх вось мерках сённяшніх зусім няшмат. Гэта было да 2020 года.
Іван Луцкевіч для мяне ў першую чаргу гэта беларускі працаўнік, чалавек, які працягнуў традыцыі Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча. Таму што калі ў нас будуць беларускія гісторыкі, часткова такія гісторыкі ёсць, то спакойна будзе ў беларускай гісторыі напісана, што Беларуская Народная Рэспубліка была створаная “дзецьмі” паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, бо па гісторыі нашай выходзіць менавіта так. Але ж перад гэтым было вельмі шмат працы.
Таксама лёс самаго Івана Луцкевіча знаменальны сёння для беларускай дыяспары. Нарадзіўся ён у Літве, у сённяшнім горадзе Шаўляй, у гімназіі быў у Латвіі, у сённяшнім горадзе Ліепаі, што не перашкодзіла яму вырасці не толькі беларускім нацыяналістам, але адным з лідараў беларускага нацыянальнага вызвольнага руху. Таму што ён быў паміж тых, хто засноўваў і першыя беларускія партыі, і першыя беларускія таварыствы, і першыя беларускія легальныя газеты.
Таксама шмат з нашых сучаснікаў былі на нелегальным становішчы. Не пазбег гэтага і Іван Луцкевіч, таму што 1906-1908 гады, калі на нелегальным становішчы мусіў быць Іван Луцкевіч дастаткова працяглы час, і нават у гэтым вельмі цяжкім становішчы, калі ён не мог дзейнічаць легальна, усё адно працаваў на Беларусь.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






