Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе зладзіў анлайн-семінар «Новыя раздзяляльныя лініі ў Еўропе: беларусы па абодва бакі разлому».

Сярод іншага былі закрануты праблемы беларускай медыцыны, якія акрэсліла каардынатарка фонда медсалідарнасці BYMEDSOL Лідзія Тарасенка:
— З пачатку назіранняў з 2019 года такія паказчыкі, такія раздзелы, як агульныя прынцыпы аховы здароўя, як мацярынскае, дзіцячае, рэпрадуктыўнае здароўе, па ўсіх паказчыках паўзуць уніз. І гэта пачалося не ў 2022 годзе, а значна раней, калі санкцыяў яшчэ не было. Заўсёды мы скардзімся на тое, што ў нас няма грошай, і сапраўды толькі 4,4% ВУП – гэта выдаткі на ахову здароўя ў 2023 годзе. Па гэтым паказчыку мы бліжэй да такіх краін, як Эрытрэя. Усе суседнія краіны значна большы працэнт ВУП выдзяляюць, нават Малдова больш за 6%, а калі, напрыклад, паглядзім на Штаты, то там працэнт набліжаецца да 20%
Вядома, што заходнія краіны не ўводзілі ў дачыненні да Беларусі санкцый, якія непасрэдна датычацца медыцыны. Але па факце – за выступ на баку Расеі ў вайне супраць Украіны ў Беларусі пачаліся праблемы з банкаўскімі разлікамі, лагістыкай і рэпутацыйнымі выдаткамі, што і адбіваецца на медыцыне.
Беларускае Радыё Рацыя