BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Віншаванні з Вялікаднем нашым слухачам і чытачам

Прадстаўнікі беларускай грамадскасці, пераважна культурнай супольнасцi, вiншуюць з Вялікаднем слухачоў Беларускага Радыё Рацыя.

Аліна Коўшык, прадстаўніца па Нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета:

–  Дарагія беларусы і беларускі, ад усяго сэрца віншую вас з Вялікаднем. Гэта вельмі цёплае і светлае свята, якое сімвалізуе перамогу святла над цемрай. І гэта акурат зараз нам вельмі патрэбна – не губляць надзею, ісці далей і падтрымліваць адзін аднаго!

Алег Кулеша, прадстаўнік “Беларускай асацыяцыі палітвязняў”:

– Маю вялікае жаданне павіншаваць усіх беларусаў, і тых, хто ў Беларусі знаходзіцца зараз у палоне, і тых, хто выехаў і ўратаваў сваё жыццё і жывуць у замежжы, і тых беларусаў, якія зараз цягнуць за кратамі той вялікі тэрмін, які ім прызначаны, павіншаваць і сказаць толькі адно: Хрыстос уваскрос!

Аляксей Сапрыкін, акцёр, музыка

– Віншую ўсіх са святам Вялікадня, бо гэта выдатная нагода сабрацца і пабавіць час разам. Ну, і які ж Вялікдзень без маёй улюбёнай гульні ў біткі. Дарэчы, ці заўважалі вы, што яйкі на Вялікдзень асабліва смачныя. Спраўдзіце гэта падчас сёлетняга свята!

Алесь Ясінскі, баяніст і кампазітар:

 Магчыма, гэта дзень, калі нам трэба задумацца пра шчырасць, пра духоўнасць. Магчыма, гэта больш чым дзень, калі мы ямо яйкі, сустракаемся з сям’ёй, сябрамі. Гэта дзень, які сімвалізуе перамогу дабра над злом, святла над цемрай і мірнага падыходу да жыцця над гвалтам. Таму жадаю ўсім спыніцца, азірнуцца, падумаць, адчуць і быць шчырымі і верыць, што дабро заўсёды перамагае.

Аляксей Ажогін, удзельнік гурта Drymon:

– Усіх віншую з Вялікаднем Хрыстовым. Жадаю ў гэтае свята ўсім вам святла. Каб белае зноў стала белым, а ўсё чорнае ведала сваё месца!  Каб людзі маглі рабіць дабро і не чакаць наступстваў! Каб як мага хутчэй усе маглі сустрэць гэтае свята са сваімі сваякамі, бацькамі, дзецьмі, каханымі людзьмі! Жадаю, каб хутчэй наступіў мір. Беражы вас усіх здаровы сэнс! Хрыстос уваскрос!

Эльвіра Каралёва, мастацтвазнаўца і сацыяльная прадпрымальніца:

Шмат хто з нас сёння знаходзіцца не са сваімі сем’ямі, і мне вельмі хочацца пажадаць не сумаваць і верыць, што ўсё будзе добра. А тым, хто разам збярэцца за святочным сталом, жадаю шанаваць гэта і берагчы сваю сям’ю і блізкіх.

Наталля Локіць, кіраўніца студыі “Купалінка” ў Варшаве:

– Віншую ўсіх з Вялікаднем. Вялікдзень, Пасха – гэта святы пра павяртанне, а галоўнае – пра свабоду. Свабоду ад рабства, свабоду ад граху, свабоду ад смерці. Вялікдзень – гэта радасць праз слёзы і пакуты, пра смерць уваскрашэння. Вялікдзень пра ўсіх нас і пра нашу Беларусь, укрыжаваную і пакутуючую. Толькі пасля ночы заўсёды настае ранак, а пасля слёз – радасць. Вялікдзень настае заўсёды. І няхай ён будзе днём нашага павяртання!

Nichaz:

– Хачу вас шчыра павіншаваць з Вялікаднем. Трэба сказаць, што для мяне Вялікдзень – самая вялікая падзея года. Увесь падрыхтоўчы перыяд – вельмі асаблівы, калі ты можаш перажыць увесь шлях Ісуса, які ўрэшце ўваскрасае і надае сэнс нашай веры. Хрыстос уваскрос!

Вольга Шніп, музыка, кампазітарка, спявачка, мастачка:

–  Вялікдзень – гэта свята, калі збіраецца сям’я і самыя блізкія людзі разам. І паколькі для большасці з нас сустрэча з роднымі, на жаль, з’яўляецца немагчымай, таму ўнутры адчуваецца сум. Але добра, што ў нас ёсць лічбавыя носьбіты, якія дапамагаюць быць разам. Таму не забывайце павіншаваць кожнага, хто вам важны і любы! Я таксама віншую ўсіх вас, верце ў моц мастацтва і кахання!

Наталка Гапановіч, сузаснавальніца школы Беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве:

– Ад імя ўсіх арганізатараў і чальцоў нашай школы спяшаюся павіншаваць са святамі, з Вялікаднем. Хрыстос уваскрос! Зычу, каб гэты дзень прайшоў для вас радасна і благасна, спакойна і ў цеплыні. Правядзіце яго са сваімі блізкімі і роднымі, знаёмымі і сябрамі, з суседзямі і проста мінакамі!

Алёна з гурта Znak Stop:

– Хачу павіншаваць вас са святам Вялікадня і пажадаць усім слухачам “Радыё Рацыя” найперш надзеі. Надзеі насуперак логіцы і рэальнасці, надзеі на тое, што нават калі мы не бачым добрага ў нашым жыцці, што любая сітуацыя пераменіцца на лепшае. А другое, чаго б хацела пажадаць, – гэта прысутнасці блізкіх людзей, нават калі фізічна яны далёка. Жадаю мець заўсёды сувязь з блізкімі і сябрамі. А трэцяе, чаго б хацела пажадаць усім нам, каб свята Вялікадня надавала сэнс кожнаму дню нашага жыцця, бо Хрыстос уваскрос, а значыць, усё скончыцца добра!

Беларускае Радыё Рацыя