BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прафесар Варшаўскага ўніверсітэту: Вывучаем Беларусь з усіх бакоў

Тэма ідэнтычнасці беларусаў з’яўляецца складанай і шматграннай. Яна звязана з гісторыяй, культурай, этналогіяй і сучаснымі сацыяльнымі працэсамі.

Пра калектыўную ідэнтычнасць беларусаў, якая падвяргаецца аналізу ва ўмовах сучаснай палітычнай і культурнай рэальнасці, мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя гісторыкам, прафесарам Варшаўскага ўніверсітэту, супрацоўнікам інстытуту міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Юрыем Грыбоўскім:

РР: Скажыце, калі ласка, якія праводзяцца навуковыя даследаванні тут, за мяжой, па Беларусі, па гісторыі Беларусі, па культуры і той жа ідэнтыфікацыі?

— Я магу выказвацца як прадстаўнік Інстытута міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту.

Нашая адзінка існуе ўжо доўгі час і займаецца гісторыяй, а таксама гісторыяй культуры рэгіёну. Гэта значыць краін, якія знаходзяцца паміж Нямеччынай і Расеяй, у тым ліку Беларусі. Беларускае пытанне займае ў нас пачэснае і вельмі важнае месца ў нашых даследаваннях.

Мы маем даследчыкаў, якія прадстаўляюць розныя дысцыпліны, у тым ліку гісторыкаў, як, напрыклад, я, а таксама культуразнаўцаў, мовазнаўцаў і літаратуразнаўцаў. Ну і намагаемся комплексна падыходзіць да гэтых праблем, вывучаць Беларусь з усіх бакоў і паказваць вобраз, які бачыць літаратуразнаўца, культуразнаўца і гісторык. Усе гэтыя дысцыпліны вельмі добра да сябе пасуюць і ўзаемадапаўняюць.

Нам падаецца, што гэта дазваляе стварыць аб’ектыўны вобраз гісторыі, карыстаючыся ўсімі гэтымі прыладамі і метадамі, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі. У Польшчы гісторыя і культура Беларусі вывучаліся даўно, нават у камуністычныя часы. Тады была створана кафедра беларусістыкі, якая таксама існуе дагэтуль.

З цягам часу з’явіліся новыя ініцыятывы. Цяпер у Польшчы шмат навукоўцаў, асабліва гісторыкаў, якія былі вымушаныя пакінуць бацькаўшчыну. Гэта дае пэўны патэнцыял на будучыню, і будзем спадзявацца, што гэты патэнцыял будзе выкарыстаны для новых навуковых дасягненняў.

РР: Якая тэма вас найбольш цікавіць па Беларусі, якая можа стаць фундаментальнай для будучыні, для фармавання ў будучым беларускай нацыі, якая, на жаль, яшчэ вельмі слабая?

Я гісторык, які займаецца ХХ стагоддзем. Таму ў цэнтры маіх даследаванняў заўсёды былі справы нацыятворчыя. Напрыклад, пытанні, датычныя фармавання беларускага народу і беларускай ідэнтычнасці: як яна развівалася, як існавала ў розных геапалітычных умовах. Асабліва мяне заўсёды цікавілі міжваенны перыяд і гады Другой сусветнай вайны. Гэта найбольш складаны і цяжкі перыяд у беларускай гісторыі.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З нашым госцем гісторыкам, прафесарам Варшаўскага ўніверсітэту, супрацоўнікам інстытуту міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Юрыем Грыбоўскім размаўляла карэспандэнт Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя