BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ці адключаць у Беларусі YouTube?

Практыка адключэння інтэрнэту ў Беларусі вяртаецца. Ці можа Лукашэнка ды яго чыноўнікі адключыць YouTube? Дыскусія ў Беларусі працягваецца пасля навагодняга адключэння стрымінгавага сервісу, тады ён не працаваў каля 20-ці хвілін.

Фота: shutterstock.com

На сустрэчы з калектывам завода «БелДжы» Лукашэнка намякнуў, што ўлады распрацоўваюць меры па абмежаванні інтэрнэту. Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман заўважае, што Лукашэнка не забыўся пра 2020-ы год ды наперадзе іншыя электаральныя кампаніі.

-Комплекс 20-га года, напэўна, у Лукашэнкі і ягонага атачэння не знік. Там была ж хакерская атака на сайт БелТА і даволі паспяховая. Магчыма, гэта такі быў лакальны адказ, а магчыма гэта быў такі тэст, і не толькі беларускі, але і расейскі. Вось, глядзіце, у нас ёсць тэхналогіі, мы ведаем, як гэта рабіць, а давайце паспрабуем і паглядзім, якая будзе рэакцыя.

У сваю чаргу, улады пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі выказваліся, што гэта звонку нехта перакрывае Ютуб, такі тэзіс гучаў у тэлеграм-канале «Пул Першага», які звязаны з адміністрацыяй Лукашэнкі. Але гэта малаверагодна – заўважае іншы палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі, які таксама спасылаецца на практыку з 2020-га года.

-У 20-ым годзе падчас пратэстаў улады Беларусі казалі, што гэта нехта звонку блакуе беларускі інтэрнэт, але тады было так, што дзяржаўныя сайты былі дасяжныя, а іншыя – не. Таму гэта выглядала хлуснёй. Думаю, тут нешта падобнае было. Тут адключэнне ўсё ж такі было зроблена ўладамі Беларусі.

Ютуб у пачатку гэтага году блакавалі толькі часткова. Ранейшы глабальны бан інтэрнэту ў Беларусі датуецца 2020-ым годам. Тады пасля выбараў перабоі доўжыўся 61 гадзіну. Па падліках незалежных экспертаў, тады ад адключэння інтэрнэту эканоміка Беларусі страціла 141 мільён даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя