BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пракуратура канфіскавала з продажу раман Бахарэвіча

Пракуратура Гомельскага раёна адчыталася пра канфіскацыю з продажу кнігі Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”. Гэты раман улады Беларусі лічаць “экстрэмісцкім”. Кнігу пракуроры знайшлі “падчас маніторынгу інтэрнэт-сайтаў”. Раман прадавала інтэрнэт-крама Bestbooks.by. Яе прымусілі прыбраць кнігу з продажу.

Між тым раман “Сабакі Еўропы” – гэта рэфлексія пра Беларусь і беларусаў. Гэта “раман пра ўсё. Пра мяне, пра вас усіх, пра Беларусь, Еўропу, мір, нацыяналізм, ілюзіі, каханне, паэзію, нянавісць, мову, уладу, маніпуляцыі, пра Менск, пра нашу сілу і слабасць…”, – так тлумачыў пасыл і змест сваёй кнігі Альгерд Бахарэвіч. Расейскі пераклад рамана быў намінаваны на прэмію “Вялікая кніга” і ўвайшоў у шорт-ліст. У гэтым годзе выйшаў пераклад кнігі на нямецкую мову.

Улады Беларусі склалі цэлы спіс кніг беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў і даследчыкаў, якія лічаць “экстрэмісцкімі”. Гэтыя кнігі забаронены. Іх прыбіраюць з крам і вольнага доступу ў бібліятэках.