BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прапаганда сцвярджае, што за навучанне ў “Кадравым рэзерве” затрыманы 15 чалавек

У Беларусі затрымана сама меней 15 чалавек, якія праходзілі навучанне па праграме “Кадравы рэзерв для новай Беларусі”. Пра гэта заявіў прапагандыст Ігар Тур у эфіры тэлеканала АНТ. Паводле яго слоў, з самага пачатку працы праграмы ў навучальных зум-канферэнцыях бралі ўдзел супрацоўнікі КДБ.

Тур паказаў у эфіры ўрывак запісу першай сустрэчы, якая адбылася ў зум 4 красавіка. Усяго ж, паводле яго слоў, у яго ў распараджэнні 38 гігабайт запісаў анлайн-семінараў. Ён таксама сцвярджае, што ўдзельнікаў першага набору вылічыў КДБ. Reform нагадвае, што каардынатар “Кадравага рэзерву” Юрась Губарэвіч яшчэ ў кастрычніку казаў, што ў першым наборы слухачоў праграмы былі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў. Па ягоных словах, яны маглі запісваць семінары, але не маглі вылічыць іншых удзельнікаў. Учора — пасля з’яўлення анонсу праграмы Тура —  Губарэвіч казаў журналістам, што ў Беларусі знаходзяцца каля 30% удзельнікаў праграмы. Пры гэтым ён запэўніў, што арганізатары навучання прымаюць усе меры, каб сілавікі “не ведалі ні пра каго — усё роўна, у Беларусі ці за мяжой”.

Праграма “Кадравы рэзерв для новай Беларусі” з’явілася ў лістападзе 2022 года. Яе запусціў Аб’яднаны пераходны кабінет. Мэта праекта — навучанне і падрыхтоўка прафесіяналаў, якія з часам змогуць працаваць на дзяржаўных пасадах і праводзіць рэформы.

Беларускае Радыё Рацыя