Хацеў быў напісаць “Швейк ідзе на вайну”, але падумаў, што герой твораў Яраслава Гашака пазітыўны чалавек, які ўдзельнічаў у абсурдзе, каб насамрэч быць ад яго далёкім. Нашыя ж персанажы зусім іншыя, яны злыя, і абсурд мусяць павялічыць. Вось іх імёны: Вадзім Гігін, Аляксандр Шпакоўскі, Вадзім Баравік. Гэта меркаваныя дэпутаты псеўдапарламенту.
Прывітанне, тут Севярын Квяткоўскі
У Менгарвыканкам будуць балатаваца прадстаўнікі прапагандысцкіх мас-медыя Іван Эйсмант, Андрэй Крывашэеў, Яўген Пуставы і сама сабе медыя “інфаказачка” Вольга Бондарава.
Звычайна за лукашэнкаўскай прапагандай сочаць журналісты, грамадскія актывісты і палітычныя аналітыкі. Каб сярод інфармацыйнага смецця вышукваць пра што наўмысна ці выпадкова прагаварыцца прыдворны блазен.
Мне персанальна кіраўнікі ці куратары блазнаў сваім PR-крокам паведамілі наступнае.
“Сам” ужо не той. Лукашэнка не мае фізічнай і псіхічнай магчымасці быць і тыранам і блазнам адначасова.
Хутка будзе два гады, як Лукашэнка не выдаў ніводнага буйнога мэма, які б вірусна разышоўся па аўдыторыі. Апошняя з лепшага – “а я вам пакажу адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад…”.
Магчыма інтуітыўна, магчыма калісьці падказалі, але Лукашэнка чотка засвоіў, што адсутнасць аратарскага таленту можна замяняць. Напрыклад, яркім пустазвонствам.
Цяпер ужо не можа. Дый дзе ты тут нажартуешся – узрост павялічваецца, здароўе меншае. Стары электарат яго разлюбіў збольшага ці фізічна знік. Новыя выбарцы паслалі куды далей. Улада на сіле, але ці можна тым “сілавікам” давяраць і хто імі наагул кіруе?
Міжнародная ізаляцыя павялічылася, эканоміка і наагул сістэма амаль цалкам залежыць ад Крамля.
Так што ход з гаварашчымі галовамі сярод дэпутатаў выглядае лагічна. Хай там вярзуць што заўгодна ў вызначаных межах.
Карцінка з гукам – галоўнае. Была б магчымасць, панабіралі б у дэпутаты актораў пагарэлага тэатру, артыстаў-самавукаў і нават прафесійных масавікоў-зацейнікаў, балазе Універсітэт культуры такіх “спецыялістаў” за дзесяцігоддзі існавання наштампаваў тысячы.
Вось словы палітычнага аналітыка Валера Карбалевіча пра цяперашні склад Палаты Прадстаўнікоў (цытую): Гэтыя людзі ня ўмеюць выступаць публічна, пераконваць аўдыторыю. І як іх цягнуць у студыю, на экран, на нейкія ток-шоў? Таму вырашылі ўмацаваць дэпутацкі склад прафэсійнымі прапагандыстамі, каб ня бачыць на ўсіх экранах аднаго Гайдукевіча” (канец цытаты).
Маецца на ўвазе Алег Гайдукевіч, былы міліцэйскі начальнік і свайго кшталту папугай дзяржаўных тэлеефіраў, дзе проста паўтарае словы Лукашэнкі, толькі больш эпатажна – у стылі Жырыноўскага.
Цяпер на палітінфармацыях на прадпрыемствах, у месцах зняволення і ў казармах “срочнікаў” будуць разбіраць “дыскусіі апанентаў” на далёкія ад рэальнасці тэмы.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя