Ва ўзросце 88 гадоў сёння, 21 красавіка, раніцай у 7.35 памёр Папа Францішак. На сваёй пасадзе ён быў 12 год, абралі Хорхэ Марыё Бэргольлё (свецкае імя) Папай 13 сакавіка 2013 года. Да гэтага ён займаў пасаду аргентынскага каардынала і арцыбіскупа Буэнас-Айрэсу.
Сумную навіну для католікаў сёння першым паведаміў камерленг Святога Рымскага Касцёла кардынал Кевін Фарэл.

Да Папы на асабістыя аўдыенцыі і іншыя сустрэчы ездзілі шматлікія беларусы, у тым ліку і наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна, якая сустракалася з ім у траўні 2015 года:
-Мы ездзілі са знаёмымі з Беларусі. Тады Папа мне падаўся такім уніклівым, разважлівым, цікавым чалавекам, якому сапраўды баліць чужы боль. Мы асабіста змаглі паразмаўляць з Папам Францішкам. Казалі пра тое, каб ён прыехаў да нас у Беларусь, бо яго там вельмі чакаюць беларускія католікі. Нам ён адказаў, што ён з задавальненнем наведаў бы нашую краіну, але яму трэба выканаць своеасаблівы пратакол і не ўсё так проста.
Папа Францішак Беларусь так і не наведаў, хоць у яго было такое жаданне. А з Лукашэнкам ён сустракаўся ў Ватыкане ў траўні 2016 года.

Нагадаем, у Папы Францішка быў крытычны стан у лютым гэтага года, ён пакутаваў на хранічнае захворванне лёгкіх, але пасля яму стала крыху лепш. На гэтым фоне кардынал Джанфранка Равазі выказваўся пра тое, што калі ў Папы Францішка ўзнікнуць цяжкасці з выкананнем папскіх абавязкаў, то ён адрачэцца ад Святога Прастолу. Аднак сёння ён памёр. Зараз па ўсім свеце ў касцёлах ідуць малебны за Папу Францішка, у тым ліку і ў Беларусі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя