Паводле афіцыйных звестак, больш за тры мільёны ўкраінцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы на часова акупаваных тэрыторыях ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі і атрымалі статус унутраных перасяленцаў.

Раней у акупаваных раёнах Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей прысваенне маёмасці людзей, што выехалі, ажыццяўлялася праз так званыя пастановы мясцовай акупацыйнай улады і рашэнні псеўдасудоў, і Масква фармальна ў гэты працэс не ўмешвалася. Цяпер жа рабаўніцтва легалізавана на федэральным узроўні. “Нацыяналізацыя”, “безгаспадарная нерухомасць” – як ні назаві, сутнасць не змяняецца: усе адно гэты захоп ёсць часткай мэтанакіраванай злачыннай палітыкі выцяснення ўкраінскага насельніцтва са сваёй зямлі і засялення гэтых рэгіёнаў сваімі грамадзянамі.
У канцы кастрычніка ўрадавая камісія РФ ухваліла ініцыятыву Міністэрства будаўніцтва, якая дазволіла прызнаваць маёмасць без гаспадароў дзяржаўнай уласнасцю. Дамы, кватэры, офісы і іншыя памяшканні з нібыта неўстаноўленымі ўласнікамі цяпер афіцыйна можна перадаваць чыноўнікам, паліцэйскім, вайскоўцам, а таксама медыкам і настаўнікам, якіх РФ завозіць у захопленыя рэгіёны. Інакш кажучы – чарговае ўмацаванне «русского мира» на ўкраінскай зямлі пад прыкрыццём прававой асновы для выкарыстання так званага безгаспадарнага фонду.
Агрэсіўная дзяржава, якая грэбуе нормамі міжнароднага права, дэкларуе сваё права, скажонае крывым люстэркам. Пры гэтым, аказваецца, у перасяленцаў нібыта застаецца мажлівасць вярнуць сваю маёмасць: дастаткова асабіста з’явіцца на акупаваную тэрыторыю і цягам месяца даказаць, што яны – сапраўдныя ўласнікі аб’екта нерухомасці. Хоць гэта фактычна немагчыма ажыццявіць ва ўмовах вайны, фільтрацыі, допытаў і прыніжэнняў у Шарамеццева (цяпер гэта адзіны спосаб трапіць або ў РФ, або на акупаваныя тэрыторыі)
Акупацыя замацоўваецца не толькі ваенным спосабам, але і маёмасным. Цікава,
як сябе адчуваюць новыя “жыхары” ў дамах, дзе на паліцах стаяць фотаздымкі
чужых дзяцей? І не факт, што жывых.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя





