
Праваабаронца Алена Маслюкова з Светлагорску пакарана Гомельскім абласным судом. Cуддзя Сяргей Багінскі прысудзіў ёй тры гады калоніі агульнага рэжыму. Яна не пражывае ў Беларусі, таму трапіла пад так званую спецвытворчасць і засуджана завочна, гаворыць Алена Маслюкова:
– Яшчэ такога ў гісторыі Беларусі не было, я маю на ўвазе незалежнай Беларусі. Каб пасля выбараў, умоўна кажучы “выбараў”, бо гэта былі прызначэнні, а не выбары, столькі год знішчалася грамадзянская супольнасць, знішчаліся правы чалавека. Я не кажу пра Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, давайце паглядзім хаця б на канстытуцыю, нават тую, папраўленую ў 1996 годзе, тыя нормы, якія задэклараваныя ў гэтай канстытуцыі, яны сёння абсалютна не выконваюцца.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Паводле Алены Маслюковай, усё гэта робіцца толькі для таго, каб захаваць уладу аднаго чалавека.
Спецвытворчасць, уведзеная ў 2022 годзе ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, і завочныя суды – гэта новы метад расправы рэжыму з небяспечнымі людзьмі, якіх не паспелі схапіць.
Беларускае Радыё Рацыя






