Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі, ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх расшуквае міліцыя».

Пры гэтым праваабаронца падчас следства і падрыхтоўкі да судовага працэсу камунікаваў з пракуратурай і гомельскім судом, не хаваючы свайго цяперашняга месца жыхарства за мяжой, паведамляе «Вясна».
У Гомельскім абласным судзе 17 чэрвеня завяршыўся завочны суд над былым палітвязнем, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам.
Новая крымінальная справа ў фармаце спецвядзення была заведзеная на яго ў лістападзе 2023 году. Яму завочна прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам.
Леанід Судаленка — трэці праваабаронца, каго ўлады Беларусі абвясцілі ў вышук.
Беларускае Радыё Рацыя