Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” аб’явіла пра пачатак працы “экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, якія пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года”.

Як адзначаецца ў заяве, “зорачка” каля слова “выбары” выкарыстоўваецца для таго, каб падкрэсліць, што тэрмін “выбары” носіць умоўны характар.
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” лічыць, што ў бягучых умовах у краіне “нельга казаць аб сумленных і свабодных выбарах, аб рэальнай рэалізацыі прынцыпу народаўладдзя і выбарчых правоў грамадзян Беларусі”. Таксама “зачыстка грамадзянскай супольнасці, а таксама створаная ўладамі атмасфера страху прывялі да таго, што ў цяпер адсутнічае магчымасць паўнавартаснага назірання за ўсімі аспектамі выбарчага працэсу”.
Разам з тым праваабаронцы лічаць неабходным весці маніторынг электаральнай кампаніі, каб мець магчымасць “задакументаваць тое, што адбываецца, і працягваць ацэньваць дзеянні ўлад з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў”.
Беларускае Радыё Рацыя






