«Беларускі Гаюн» — незалежны маніторынгавы праект, які адсочваў перасоўванне расейскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў канцы траўня ў Магілёве па «справе Гаюна» асудзілі мясцовага прадпрымальніка, дырэктара адной з рэкламных кампаній Віталя Чавусава.

Яго прызналі вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і прысудзілі чатыры гады калоніі.
Праваабаронцам вядома пра сама меней 26 пацверджаных фігурантаў гэтай справы, якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш. Заснавальніка праекту Антона Матольку ў пачатку чэрвеня завочна асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі.






