BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек

Яшчэ 10 чалавек прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі, вынікае з заявы, якую распаўсюдзіў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Гэта Міхаіл Лазько, Максім Джуманіязаў, Дзмітрый Шалак, Павел Кучарэнка, Андрэй Гіль, Ерванд Марцірасян, Сяргей Барзавец, Яўген Стральчэнь, Сяргей Чарнецкі і Станіслаў Амельянюк. Двум апошнім палітвязням абмежаванне волі было замененае на яе пазбаўленне.

Згаданыя асобы пазбаўленыя волі за абразу Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзяў, здзек з дзяржсімвалаў, перадачу асабістых дадзеных, паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Праваабаронцы заклікалі спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў і пацвердзілі свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў.

Таксама яны запатрабавалі вызваліць усіх іншых палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі. Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Lawtrend. Цяпер беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітычнымі зняволенымі 1.365 чалавек.