Сёння стала вядома пра смерць 50-гадовага палітзняволенага Вадзіма Храсько, якога раней асудзілі на тры гады калоніі за данаты. Вадзім стаў чацвёртым беларускім палітвязнем, які загінуў у зняволенні.
За кратамі вязні сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем, катаваннямі і адсутнасцю медыцынскай дапамогі. З гэтай нагоды «Вясна», BYSOL і BY_help звяртаюцца да сваякоў вязняў — не маўчыце, калі ваш родны ў цяжкім стане за кратамі, паведамляйце пра гэта праваабаронцам. Своечасовы візіт адваката да арыштанта можа ўратаваць жыццё вашаму блізкаму.
Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калоніі № 17. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. 7 траўня 2023 года ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Ён меў інваліднасць II групы. Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў гарадзенскай турме № 1.