Беларускія праваабаронцы заклікалі ўлады пачаць пераадольваць нацыянальны крызіс і выкарыстаць для гэтага запланаваную амністыю да свята 9 траўня, каб вызваліць з турмаў людзей, што праявілі грамадзянскую нязгоду.

Беларускі Хэльсінскі Камітэт, арганізацыі «Прававая ініцыятыва», Праваабарончы цэнтр «Вясна», Respect-Protect-Fulfill, Беларускі ПЭН, Lawtrend, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнуліся да Палаты прадстаўнікоў перад разглядам праекта закона аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем перамогі ў Другой сусветнай вайне.
Копіі звароту яны накіравалі ў Савет Рэспублікі і адміністрацыю Лукашэнкі. Праваабаронцы сцвярджаюць, што «ў цяперашняй рэдакцыі праекта закона выключаная магчымасць прымянення амністыі для асуджаных па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія актыўна прымяняліся ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і нязгодных з палітыкай, што праводзіцца дзяржавай.






