Праваабаронцы па крупіцах збіраюць інфармацыі пра смерць у магілёўскай калоніі палітвязня Андрэя Паднябеннага. Гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня за кратамі.

Як паведамілі “Радыё Свабода”, прычына смерці – ўдушша. Іншыя абставіны смерці палітзняволенага пакуль невядомыя. Як заўважае прадстаўніца ініцыятывы “Дысідэнты.бай” Марына Касінерава, раней акурат былі інфармацыі пра добры стан Андрэя ад людзей, якія сядзелі ў той жа калоніі:
-Смерць, якая не звязаная была з хранічнымі захворваннямі. Мы размаўлялі з былымі палітвязнямі, якія перасякаліся з Андрэем Паднябенным у калоніі і казалі, што ў яго не было ніякіх відавочных захворванняў, ён займаўся спортам і дваццаць разоў на дзень падцягваўся. Нават людзі, якія яго бачылі і з ім камунікавалі, схіляюцца да таго, што мажліва смерць носіць гвалтоўны характар.
У магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расейскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках яго маці. Андрэя двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






