
Праваслаўныя вернікі 23 чэрвеня адзначаюць адно з найважнейшых пасля Вялікадня святаў – Дзень Святой Тройцы або Пяцідзесятніцу. Яно сімвалізуе непарушнае адзінства трох боскіх сутнасцяў: Айца, і Сына, і Духа Святога. У народзе гэтае свята таксама называюць Сёмухай.
Сышэсце Святога Духа на апосталаў адзначаецца праз 50 дзён пасля Уваскрасення Ісуса Хрыста. Адразу пасля літургіі чытаюцца малітвы, падчас якіх упершыню пасля Вялікадня вернікі моляцца на каленях.
Урачыста адзначаецца таксама другі дзень Сёмухі – Дзень святога Духа. Гэта патранальнае свята цэркваў у Гарадку, Юшкавым Грудзе і ў царкве святога Духа на Антанюку ў Беластоку. Трэці дзень «Тройцы» з’яўляецца прыходскім святам, між іншым у Крулёвым Мосце, Кнорыдах і ва ўрочышчы «Крыначка» пад Ганазкай у Белавежскай пушчы.
Беларускае Радыё Рацыя






