Сёння, 19 студзеня, у праваслаўных вернікаў – Вадохрышча. У гэты дзень згадваюць біблейскую падзею: хрышчэнне Іаанам самога Хрыста ў рацэ Іардан.

Галоўная традыцыя свята – асвячэнне вады ў храмах і прыродных вадаёмах. Але ўстойлівае народнае ўяўленне пра свята – купанне ў адмысловай палонцы. Пры гэтым царкоўныя правілы такога не патрабуюць.
Навошта гэта робіцца, наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў Берасцейшчыны:
– Каб ачысціцца духоўна, фізічна, напэўна, падтрымаць сябе. Думаю, што вельмі добрая традыцыя. Але сама не ныраю.
– Каб атрымаць нейкае вадохрышчанскае натхненне.
– Для ачышчэння, ачышчае душу і цела, такая традыцыя.
– Абмыванне чалавечых грахоў, каб у Новы год уступіць з чыстым сумленнем і са светлай душой.
Вадохрышчам у хрысціянаў, якія адзначаюць Божае Нараджэнне 7 студзеня, завяршаецца Калядны цыкл святаў. Наперадзе першае знакавае рэлігійнае свята ў лютым – Грамніцы.
Беларускае Радыё Рацыя






