BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прэзентацыя кнігі “Беларусь Наталлі Радзінай” у Беластоку

27 лютага, у пятніцу, а 18:00 у беларускiм хабе «Новая Зямля» (ul. Św.Rocha 5 lok. 32) у Беластоку адбудзецца прэзентацыя новай кнігі вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара». Будуць прадстаўлены версіі кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах.

кніга пра Радзіну

У прэзентацыі прымуць удзел Наталля Радзіна, беларуская журналістка, галоўны рэдактар сайта «Хартия’97», трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні Аляксандра Герасіменя i каардынатар грамадзянскай кампанii «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

Кніга «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, апісаная праз жыццё аднаго чалавека: беларускай журналісткі і палітыка Наталлі Радзінай, галоўнага рэдактара вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартия’97» (Charter97.org). Прачытанне кнігі дазволіць чытачу стаць сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэстнага руху, якія пачаліся ў Беларусі ў 1995 годзе і не згаслі дагэтуль, азнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі па загадзе дыктатара Лукашэнкі, разам з Радзінай акунуцца ў яе турэмныя будні, адчуць радасці вызвалення і складанасці ўнікальнага ўцёку ад КДБ з Беларусі, стаць сведкам яркіх і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Неўзлін, Хілары Клінтан і іншымі.

Чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расейскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што са старажытных часоў Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а не на Усход; што будучыня Беларусі, якая вызвалілася ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрапейскім саюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала Беларусь, чыя бяспека ў канчатковым выніку можа быць забяспечана толькі праз членства ў НАТО.

Але галоўны вывад, які можа зрабіць чытач, палягае ў тым, што нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты, смяротныя пакаранні апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жывая, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду.

Кніга будзе цікавая не толькі гісторыкам, журналістам і палітолагам, якія вывучаюць Беларусь, але і шырокаму колу чытачоў.