З пачатку года пракуратура Берасцейскай вобласці падала ў суды 65 іскаў аб спагнанні з выпускнікоў сродкаў, затрачаных на навучанне. Агульная сума іскаў – больш за 620 тысяч рублёў. Усе яны былі задаволены ў поўным аб’ёме, паведамляе reform.news.

Як адзначае пракуратура, выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў або не прыходзілі на працу па размеркаванні, або іх звальнялі за парушэнні, напрыклад, за прагулы.
З выпускніка Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта спагналі больш за 41 тысячу рублёў. Яго адправілі па размеркаванні ў Свіслацкі раён, але ён туды не прыехаў. Амаль такую ж суму – 40 тысяч рублёў – павінен заплаціць жыхар Пінска. Ён таксама не пачаў працаваць у сельгаспрадпрыемстве, куды быў накіраваны па размеркаванні.
Судовыя рашэнні гэтай катэгорыі, якія ўступілі ў сілу, рэдка выконваліся ў добраахвотным парадку. Кампетэнтныя органы ініцыявалі іх прымусовае выкананне, зазначае пракуратура Берасцейскай вобласці. На Берасцейшчыне 65 выпускнікоў прымусілі плаціць за неадпрацаванае размеркаванне праз суд.






