BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Прышчэпка для скептыкаў»

Калі ў чалавека выяўляецца невылечная хвароба, лекары ўсё роўна прызначаюць лекі, што палягчаюць ягонае жыццё, і праводзяць падтрымліваючую тэрапію. Калі хвароба паражае асобны орган, спрабуюць ухіліць яе прычыну, а калі гэта немагчыма – орган ампутуюць. Калі ж гаворка ідзе пра эпідэмію або пандэмію – тое, што ахоплівае велізарныя тэрыторыі і мільёны людзей – тады ўжо неабходна татальная вакцынацыя. Аднак калі невылечная хвароба пачынае распаўсюджвацца, як эпідэмія, то маем грымучую сумесь. І, прабачце за метафару, у нашай рэчаіснасці яна носіць назву “русский мир”.

Фота: РИА Новости

Маштаб гэтай «хваробы» — далёка за межамі яе нацыянальнага складніка. Напрыклад, трое грамадзян Чэхіі публічна выказвалі сумнеў ў рэальнасці вайны ва Украіне: абвяргалі расейскую агрэсію; лічылі, што ў медыях, якія асвятляюць вайну, дзейнічае “тэорыя змовы” супраць РФ; а прэзідэнт Зяленскі, на іх думку, ездзіць па свеце і жабракуе. 

І ўсё ж яны пагадзіліся на заклік чэшскага рэжысёра-дакументаліста паехаць ва Украіну і ўбачыць ўсё на ўласныя вочы. Здымачная група адвезла іх у Харкаў і ў разбураныя гарады Данбаса. У паездцы іх суправаджаў псіхіятр – і гэта было вельмі прадбачліва, бо яны трапілі пад ракетны абстрэл і былі ў шоку ад убачанага: масавыя пахаванні, падземная школа ў метро, сведчанні відавочцаў ваенных злачынстваў РФ.

Рэжысёр паставіў за мэту паказаць людзям, хто на чацвёрты год вайны ўсё яшчэ адмаўляе агрэсію і не верыць у яе сур’ёзнасць, чым абярнулася гэтая вайна для ўкраінцаў. І, галоўнае, што такая пагроза можа ўзнікнуць нават для дабрабытнай і мірнай краіны. 

Калі пацыент хворы, яго трэба лячыць. Калі існуе рызыка заражэння вірусам “русского мира”, то ўжо неабходна вакцынацыя.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя