Прызначана дата разгляду апеляцыйнай скаргі па завочнай крымінальнай справе ў рамках спецвытворчасці супраць журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча. Разгляд адбудзецца ў памяшканні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь у Менску 25 кастрычніка ў 9.30.
19 жніўня бягучага году Гарадзенскі абласны суд завочна абвесціў прысуд Уладзіміру Хільмановічу. Палітычны карны прысуд аформіў суддзя Ігар Собалеў. Па сукупнасці артыкулаў ён прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў. Публіцыста і праваабаронцу звінавацілі паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Што менавіта інкрымінавалі Хільмановічу – дагэтуль дакладна невядома. Скаргі і звароты журналіста на гэты конт пакуль не даюць праясняльнага выніку. Вядома толькі, што ў матэрыялах крымінальнай справы былі скрыншоты аўтарскага блогу з артыкуламі публіцыста.
Яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі Хільмановіча ў верасні дадалі ў так званы “спіс экстрэмістаў”.
Апошнія тры гады і чатыры месяцы Уладзімір Хільмановіч не жыве ў Беларусі.
Крыніца: Гарадзенская праваабарона