BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Пульс”

Украінцы перажылі самую цяжкую зіму за чатыры гады поўнамаштабнай вайны. З лютага 2022 года па люты 2026-га краіна-агрэсар 5796 разоў атакавала энергасістэму Украіны. «Сухая» лічба, як пякельны пульс, але за ёй – сотні вечароў без святла, халодныя кватэры і непрацуючыя роўтэры. І, нібы на здзек, сама прырода ўзмацняла напады маразамі і снегам. Людзі прывыклі да цёмных вокнаў, свечак і генератараў, навучыліся жыць паводле графікаў адключэнняў, зараджаць тэлефоны і берагчы кожную гадзіну са святлом.

Здымак ілюстрацыйны

Тэрор супраць мірнага насельніцтва быў і застаецца для ворага прыярытэтам. Але цалкам зламаць, каб палепшыць свае перагаворныя пазіцыі, не атрымалася. Краіна выстаяла дзякуючы мужнасці грамадзян, працы супрацьпаветранай абароны і энергетыкаў.

Акрамя галоўнай мэты – ваеннай – ёсць і не менш важная: дэмаралізаваць украінцаў. Разлік быў на тое, што людзі, стомленыя вайной, цемрай, холадам, адсутнасцю інтэрнэту і нармальнага жыцця, пачнуць патрабаваць ад свайго прэзідэнта спыніць вайну і пайсці на тэрытарыяльныя саступкі. Простымі словамі – капітуляваць. Таксама вораг спадзяваўся з дапамогай пастаянных атак справакаваць сацыяльны выбух: масавы выезд з краіны, пратэсты, палітычную дэстабілізацыю і, як жаданы фінал, – змену ўлады.

Вайна нікуды не знікла, але знікла зіма. І вайна не ўмее адмяняць поры года. А вясна дзейнічае на чалавека амаль заўсёды аднолькава: жыццё мацнейшае за холад і цемру. Галоўнае, каб у псіхічна нездаровага бункернага пацыента не пачалося вясновае абвастрэнне.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя