BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Радуе, што спецдакладчык ААН імкнецца патрапіць у Беларусь, каб асабіста ацаніць сітуацыю”

На прэс-канферэнцыі ў Вільні спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс заявіў, што прэзідэнцкія выбары, якія  маюць адбыцца  ў Беларусі, стануць чарговым прыкладам сістэматычных парушэнняў правоў чалавека. Паводле яго слоў, адсутнасць свабод СМІ, свабоды меркаванняў і сходаў, а таксама атмасфера страху робяць правядзенне сумленных выбараў немагчымым.

Асаблівую ўвагу Муйжніекс надаў пытанню палітвязняў, колькасць якіх, паводле звестак праваабаронцаў, перавышае 1200 чалавек. Многія з іх пазбаўлены доступу да адвакатаў і зносін з блізкімі.

На сустрэчы прысутнічала і наша сённяшняя “Госця Рацыі” – прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская, якая займаецца падтрымкай вязняў і іх сем’яў. Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарылі з ёй пасля мерапрыемства, каб даведацца больш пра сітуацыю з палітвязнямі і іхні лёс ва ўмовах хуткіх “псеўдавыбараў” у Беларусі.

РР: Што было важнага сказана падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні спецдакладчыка ААН па правах чалавека, бо размова так ці інакш выйшла нават не пра выбары, а пра палітзняволеных

Вольга Зазулінская: Асноўны акцэнт дакладна рабілі на тэму палітвязняў і што можна рабіць, каб палепшыць умовы ўтрымання, што можна зрабіць, каб гэтыя людзі апынуліся на волі як мага хутчэй. Гэта стандартная працэдура спецдакладчыка, для мяне вельмі важна быць там, таму што, па-першае, гэта напярэдадні выбараў, і заўсёды такія рэжымы карыстаюцца гэтым, як маніпуляцыяй, што ў іх ёсць закладнікі. Тым больш праваабаронцы заўсёды дэкларуюць, што ніякіх паляпшэнняў няма ў краіне, што правы чалавека парушаюцца і рэпрэсіі насамрэч не спыніліся, а нарастаюць. Таму гэта было вельмі прадукцыйна.

РР: Вы таксама бралі слова і задавалі свае пытанні, наколькі вы задаволеныя адказамі спадара Нілса на свае пытанні і ці бачыце вы нейкае акно мажлівасці для сябе як прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК у гэтым накірунку далей у супрацы з ім ці з іншымі дакладчыкамі?

Вольга Зазулінская: Мая пазіцыя такая, калі мы не можам паскорыць сітуацыю, каб людзі выходзілі як мага хутчэй на волю, то мы павінны нешта рабіць, маленькія крокі, каб палепшыць сітуацыю з палітвязнямі. Каб ім аказвалі медычную дапамогу, каб спыніць практыку інкамунікаду, практыку выкарыстання 411 артыкула. Таму маё пытанне датычылася гэтага. Маленькія крокі, што можна рабіць, што яны мусяць рабіць і што трэба рабіць нам, каб гэтая сітуацыя змянілася ўвогуле. Я скажу шчыра, што я не атрымала адказу на сваё пытанне. Адказ быў нейкі агульны. Можа таму я разумею, як працуе ААН. Што было каштоўнага? Тое, што ён запрасіў магчымасць прыехаць у Беларусь і яго ўмова, калі яму дазволяць наведаць Беларусь, сустрэча з палітвязнямі.

І вось зараз мы будзем чакаць, ці будзе такі дазвол, таму што ён распавядаў, што апошні раз, нават не яго папярэдніца, а папярэдніца папярэдніцы атрымала такі дазвол. І яна была ў Беларусі адзін раз, такое адбылося. Будзем чакаць, ці адбудзецца зараз.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя