BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Раман Кісляк: Больш за 20 беларусам адмовілі у статусе ўцекача

Беларускі праваабаронца Раман Кісляк канстатуе, што ў Грузіі распачалася хваля адмоваў беларусам, якія падаваліся на статус «уцекача» у Грузіі. За апошні час, па словах праваабаронцы, такіх адмоваў ужо некалькі дзясяткаў. Гаворыць Раман Кісляк:

— Гэта, па-першае, звязана з тым, што год таму, у верасні, масава сталі падавацца беларусы на прытулак, бо выйшаў гэты ўказ 278, які забараняе мяняць пашпарты ў дыпламатычнай ўстанове. Гэта першы момант. Другі момант, вядома, гэтыя адмовы зараз ідуць, імаверна, праз выбары, што прыкладна два месяцы таму пачаліся.

Праваабаронца лічыць, што пасля гэтых адмоваў беларусам трэба змагацца за свой статус і далей:

— Гэтую адмову афармляюць як вырак Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамента міграцыі. І акурат гэты вырак абскарджваецца ў судзе. Першая інстанцыя — гэта Тбіліскі гарадскі суд, гэта ўзровень акруговага суда. Падаецца скарга на вырак адміністрацыйнага органа. На працягу месяца-двух прызначаецца судовае паседжанне, іх можа быць некалькі, з выніку якога суддзя выносіць вырак.

Раман Кісляк ужо мае персанальную адмову і збіраецца змагацца «да апошняга» і прайсці ўсе грузінскія і міжнародныя ступені, каб атрымаць статус «Міжнароднай абароны».

Беларускае Радыё Рацыя