У грузінскім Тбілісі 26 лютага 2025 году адбудзецца суд, на якім вырашыцца лёс беларускага праваабаронцы Романа Кісляка. Раману яшчэ ў 2024 годзе адмовілі ў атрыманні статуса міжнароднай абароны ў Грузіі і ён спрабуе дабіцца гэтага статусу праз суд.

Кажа Раман Кісляк:
– 5 жніўня мінулага году я атрымаў адказ. Мне адмовілі па прычыне, што я нібыта пагражаю дзяржаўнай бяспецы Грузіі. Я гэтую адмову абскардзіў у судзе. Пакуль я абскарджваю адмову ў Тбілісцкім гарадскім судзе. Таму я знаходжуся ў тым самым статусе, у якім я падаваў просьбу на прытулак. На першыя дзве інстанцыі захоўваецца гэты статус. Ён дае мне гарантыю ад дэпартацыі. Ёсць такое правіла – пакуль справа разглядаецца ў судзе, гэтая гарантыя дзейнічае.
Раман упэўнены, што яго не могуць дэпартаваць у Беларусь, і такіх выпадкаў яшчэ не было:
– Дэпартацыі ў Беларусь не было. Іншая справа, што былі дэпартацыі, мы гэта бачым па статыстыцы, але куды гэтыя людзі былі дэпартаваныя, мы не ведаем. Гэта могуць быць нейкія іншыя краіны. Напрыклад, калі чалавек прыляцеў з Польшчы, то яго могуць адправіць назад у Польшчу. Мы ўжо неаднаразова звярталі ўвагу дэпартамента міграцыі і Міністэрства замежных спраў, што беларусаў нельга дэпартаваць на тэрыторыю Беларусі, або Расейскай Федэрацыі.
Па словах Рамана Кісляка, за статусам міжнароднай абароны ўжо звярнулася каля сотні беларусаў, аднак ні адзін чалавек такі статус у Грузіі не атрымаў.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






