BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр вядомы гомельскі навуковец, праваабаронца Віктар Адзіночанка

Вядомы навуковец з Гомеля, супрацоўнік Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Скарыны, дацэнт кафедры філасофіі, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка памёр у шпіталі 15 траўня. Паводле звестак Флагштока, нядаўна ў яго выявілі анкалагічнае захворванне на апошняй стадыі — лячэнне было ўжо амаль немагчымым.

Фота: ГДУ Скарыны

Адзіночанка вядомы тым, што выдаў першы вучэбны дапаможнік для студэнтаў па рэлігіязнаўстве на беларускай мове, а таксама зрабіў іншыя шматлікія публікацыі. У жыцці і на працы ён размаўляў па-беларуску.

Віктар Аляксандравіч родам з Рэчыцы, выкладаў ва ўніверсітэце рэлігіязнаўства, філасофію, эстэтыку.

Адзіночанка таксама быў вядомы як грамадскі дзеяч, які вымушаны быў спыніць актыўнасць пасля 2020 году. Ён займаўся на Гомельшчыне доўгія гады праваабарончай дзейнасцю, займаўся незалежным назіраннем за выбарамі, калі гэта было яшчэ магчыма, удзельнічаў у кампаніі супраць смяротнага пакарання. З-за гэтага быў пад назіраннем уладных структур.

Навукоўцу ў чэрвені споўнілася б 63 гады. У яго засталася жонка і двое маленькіх дзяцей ад апошняга шлюбу. Малодшаму дзіцяці ўсяго каля трох месяцаў.