BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расейскі прафесар: Трэба прыбраць фашысцкую прапаганду

Як глядзяць расейцы, што пакінулі Расею ў 22-м, на так званае адзінства трох народаў: беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў, якіх злачынца Уладзімір Пуцін называе трыадзіным народам. Што яны думаюць пра вайну, якую развязала Расея супраць Украіны, і пра лёс самой Расеі.

Пра гэта мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя прафесарам Аляксеем Васільевым, запрошаным у Цэнтр вывучэння Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, каардынатарам расейскіх праграм «Вітрыны Усходняга Дома» фонда Карта:

РР: Пуцін кажа, што расейцы, украінцы, беларусы — адзін народ. Ці згодныя з гэтым?

— Не, вядома, таму што мы бачым зараз, што гэта ўжо сфармаваныя нацыі са сваёй ідэнтычнасцю, але тое, што кажа Пуцін, насамрэч не ён прыдумаў. Гэта канцэпцыя XIX стагоддзя, створаная ў часы Мікалая I. Трыадзіны рускі народ, які складаецца з велікаросаў, маларосаў і беларосаў — гэта тое, на аснове чаго праводзілася імперская палітыка Расейскай імперыі, пачынаючы прыкладна з часоў Мікалая I і амаль да канца. На аснове яе была створана, уласна, канцэпцыя „заходнерусізму“, так званага. То бок не беларускай ідэнтычнасці, а „заходнерускай“, якую цяпер пераймае Лукашэнка. Ён, магчыма, гэтага не ведае, але ёсць простым працягам „заходнерусізму“.

РР: Як данесці народам, што мы розныя? Што мы не павінныя заваёўваць, як кажуць, агнём і мячом, гэтае адзінства, калі мы ўжо разышліся па сваіх хатах? Як расейцам данесці найперш?

— Мне здаецца, расейцам спярша патрэбныя змена палітычнага рэжыму і спыненне прапаганды, што цяпер ідзе ў Расеі. І я думаю, што калі спыніць хаця б нават тую жахлівую прапаганду, што цяпер ідзе, то праз нейкі час свядомасць натуральным чынам устане на месца. Гэта як у школе з цяжкім класам. Папраўдзе, трэба проста даць пазітыўнае, карыснае, аб’яднальную справу. Трэба займацца сваёй краінай, трэба займацца сваімі справамі, трэба пачаць дасягаць нейкіх поспехаў і радавацца гэтым поспехам. І праз пэўны час усё будзе ў парадку. Але для гэтага трэба проста змяніць гэтую палітычную і ідэалагічную рамку, прыбраць дыктатарскі рэжым, прыбраць фашысцкую прапаганду.

РР: Колькі трэба часу, каб прыбраць пуцінскі рэжым?

— На гэтае пытанне, вядома, вельмі цяжка адказаць, таму што ў гісторыі вельмі шмат такіх фактараў. Я, з свайго боку, аптыміст, я не думаю, што гэты рэжым надоўга. Мне здаецца, што гэта апошнія аўташокі распаду Савецкага Саюза. Мне здаецца, што гэта фінальныя, апошнія, мабыць, сутаргі распаду СССР. Я таму не думаю, што гэты рэжым будзе вельмі доўгавечным, і калі кажуць, што гэта назаўсёды, што мы не ўбачым — не, я думаю, што гэта гарызонт, можа быць, года.

З госцем Беларускага Радыё Рацыя прафесарам Аляксеем Васільевым размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя