Лекар-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў, якога пераследавалі ўлады, здолеў пакінуць Беларусь.“Падцвярджаю факт ягонага знаходжання ў Літве”, — напісаў у сваім тэлеграм-канале сузаснавальнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак.

Крытык беларускай сістэмы аховы здароўя Мартаў 14 траўня быў затрыманы ў расейскім горадзе Мурына (Ленінградская вобласць РФ). Медыя “Фантанка” паведамляла, што яго затрымалі аператыўнікі крымінальнага вышуку, а ў Беларусі яму завочна абралі меру стрымання ў выглядзе арышту. З якой менавіта прычыны, не ўдакладнялася.
15 траўня “Медыязона” паведаміла, што імя Мартава фігуруе ў базе вышуку МУС РФ сярод іншых 400 грамадзян Беларусі.24 чэрвеня праваабаронцы заявілі, што лекар знаходзіцца ў віцебскім следчым ізалятары.
Уладзімір Мартаў — лекар з 30-гадовым стажам. З 2003 года працаваў у Віцебскім шпіталі хуткай медыцынскай дапамогі. Апошнія пяць гадоў да звальнення загадваў аддзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі. Лекар адкрыта казаў у СМІ аб праблемах арганізацыі медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус, у прыватнасці пра перабоі з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю шпіталя.
Беларускае Радыё Рацыя






