BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэгіна Лавор: “Выжыць у эміграцыі нейкі час, пакуль не вернемся ў Беларусь”

Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё з пачатку і засвойваць новыя прафесіі.

Гісторыя 4. Рэгіна Лавор, 24 гады стажу ў галіне культуры. Прафесійны шлях — ад загадчыцы сельскім клубам да кіраўніцы Іўеўскага музея нацыянальных культур. У эміграцыі жыве чаканнем вярнуцца ў Беларусь.

Рэгіна Лавор скончыла ўніверсітэт культуры, куды паступіла толькі з трэцяга разу, бо былі вялікія конкурсы. Да паступлення працавала загадчыцай сельскім клубам. Пасля сканчэння ўніверсітэта працавала ў гарадскім доме культуры, была інструктарам па арганізацыі працы з моладдзю, намеснікам дырэктара, працавала ў раённым метадычным цэнтры, стварала і была дырэктарам Цэнтра рамёстваў. Апошняе яе месца працы — гэта Іўеўскі музей нацыянальных культур, які яна ўзначальвала 4 гады.

“У маім жыцці значную частку займае перыяд да эміграцыі, таму што ўсё сваё сумленнае жыццё я жыла ў Беларусі. Вельмі любіла культурную дзейнасць. Усё гэта ў мяне  пачалося яшчэ са школы. У галіне культуры я працавала 24 гады”. — Распавядае Рэгіна Лавор.

На момант пратэстаў 2020 года культурная дзяячка займалася рамесніцкай дзейнасцю (вышыўкай крыжыкам і саломапляценнем). А таксама разам з мужам даводзіла да парадку свой дом і стварала кут, куды б маглі прыязджаць дзеці і ўнукі. Аднак стваральніца Іўеўскага музея не змагла застацца ў баку ў 2020 годзе.

На фота: вышыўка крыжыкам Рэгіны Лавор, якую яна зрабіла ў гонар свайго сябра ў 2023 годзе

“Я выйшла, таму што была супраць гвалту, які адбыўся 9 жніўня. Далей так адбылося, што я не магла зрабіць крок назад, хоць і разумела, што сітуацыя пагаршаецца, што ўсё гэта можа скончыцца не вельмі добра для мяне. Так і здарылася.” — Згадвае Рэгіна Лавор. Спачатку ў яе былі затрыманні па адміністрацыйных справах. А ў снежні 2020 года да яе прыйшлі з першым вобыскам. Тады ж былая дырэктарка музея даведалася, што ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа па артыкуле 369 “Абраза прадстаўніка ўлады”. Суд адбыўся толькі ў верасні 2021. Стваральніцу Іўеўскага музея асудзілі да 2 гадоў “хатняй хіміі”.

“Я не збіралася пакідаць Беларусь. — Распавядае Рэгіна Лавор. — Пачала адбываць тэрмін, хоць гэта было складана. Я працягвала сваю актыўную пазіцыю, пісала скаргі ў мясцовы РАУС і ва ўпраўленне УУС Гарадзенскага аблвыканкама на парушэнні, якія здараліся ў дачыненні да мяне. Я амаль не магла працаваць і займацца рамесніцкай дзейнасцю. Горад у нас маленькі, матэрыялаў для рамесніцкай дзейнасці не набыць. А я займалася вышыўкай і саломапляценнем. Паехаць у іншы горад, каб набыць матэрыялы, было немагчыма. Мне было забаронена хадзіць у касцёл, мяне абмежавалі ў спатканнях з блізкімі, было толькі 2 гадзіны на дзень, калі можна было выйсці з дома. Добра, што я была ў прыватным доме, таму была магчымасць хоць знаходзіцца на тэрыторыі дома.”

Падчас знаходжання на “хатняй хіміі” ў дачыненні да Рэгіны Лавор здараліся правакацыі з боку сілавікоў. Толькі ў сакавіку 2022 года да яе больш за 22 разы прыходзілі з праверкамі. Міліцыянты складалі на жанчыну пратакол, што яна не адкрывае дзверы. “Некалькі разоў, хоць я і была дома, супрацоўнікі прыязджалі і складалі пратакол, што я не выйшла, не адчыніла дзверы. Я прадстаўляла дадзеныя, што была дома, падавала ў суд на гэтыя правакацыі. І так сталася, што зафіксавалі чацвёртае парушэнне і я вымушаная была тэрмінова з’ехаць. Бо ў іншым выпадку маглі быць змененыя ўмовы і “хатнюю хімію” маглі змяніць на калонію.” — Патлумачыла культурная дзяячка. Ёй заставалася 7 месяцаў да канца тэрміну пакарання.

У эміграцыі для Рэгіны Лавор самым цяжкім выпрабаваннем было няведанне польскай мовы: “Калі не ведаеш добра мовы, то табе складана ўсё: стасункі, разабрацца, як кудысьці даехаць і як адкрыць той жа самы рахунак, знайсці жытло. Калі ты не рыхтаваўся да ад’езду, то ў любым выпадку эміграцыя даецца цяжка, таму што цябе вырвалі з краіны. Але я ўдзячная, што на ўвесь час на маім шляху былі людзі, якія мяне падтрымлівалі і падтрымліваюць надалей. Вельмі вялікая траўма, што не можаш бачыць блізкіх.” Першыя месяцы Рэгіна нават баялася ездзіць на грамадскім транспарце. Аднойчы яна нават паехала не ў той бок, бо не разабралася з маршрутам.

За мяжой стваральніцы Іўеўскага музея давялося шукаць працу не па сваёй спецыяльнасці. Яна дасылала свае CV у некалькі культурных устаноў і музеяў, але атрымала толькі адзін адказ, што месцаў няма. Потым яна паспрабавала ўладкавацца на працу ў адну з устаноў харчавання, але трапіла ў не вельмі прыемнае месца, дзе прапрацавала ўсяго тры дні. Пасля гэтага яна адмовіліся там працаваць. Былі спробы падпрацоўваць на прыборках апартаментаў і кватэр.

“Мне ўжо больш за 50 год. У маладосці многія працы ўспрымаюцца нармальна, а ў такім узросце гэта складана.” — Прызнаецца Рэгіна Лавор. Цяпер яна займаецца вышыўкай, мае статус уцекача і знаходзіцца на інтэграцыйнай праграме. У верасні былая дырэктарка музея збіраецца пайсці вучыцца ў паліцыяльную школу. “Калі, канешне, не вярнуся ў Беларусь”, — дадае Рэгіна Лавор. — Але хочацца спадзявацца, што ўсё гэта не спатрэбіцца і я вярнуся дадому. Я не збіраюся заставацца ў Польшчы. Пакуль моцна не прыпякло, то я выжываю, штосьці атрымліваю на творчасці, ёсць дзяржаўная падтрымка, муж працуе афіцыйна. Трымаемся толькі для таго, каб вярнуцца ў Беларусь. У нас няма планаў набыць тут жытло, атрымаць адукацыю, каб мець сталую працу. Мы з мужам абралі іншы напрамак: выжыць нейкі час, пакуль не павернемся ў Беларусь.”

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя