BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэгіна Лавор: Жыву толькі тым, што вярнуся ў Беларусь

Для многіх беларусаў жыццё падзялілася на перыяд да эміграцыі і пасля. Многія вымушаныя пачынаць на новым месцы з нуля, пакінуўшы ў Беларусі блізкіх і маёмасць. Наколькі цяжка ўладкавацца пасля пяцідзесяці ў іншай краіне? Ці цяжка знайсці працу? І ці ёсць жаданне вярнуцца на радзіму. На гэтыя і іншыя пытанні адказвае грамадская і культурная дзяячка Рэгіна Лавор.

РР: Наколькі было цяжка ў эміграцыі знайсці сябе наноў? У Беларусі застаўся дом, які рыхтавалі, каб прыязджалі дзеці і ўнукі. Што было самым цяжкім у эміграцыі?

Рэгіна Лавор: Самае цяжкае – гэта, канешне, мова. Таму што , калі ты не ведаеш добра мову, табе складана ўсё: і стасункі, і разабрацца як даехаць, як адкрыць той жа рахунак і знайсці жыллё. Гэта цяжка, бо цябе проста вырвалі, выкінулі з краіны. Я проста ўдзячная тым абставінам, праз якія я змагла якімсьці чынам прайсьці, і ўвесь час на гэтым  шляху былі людзі, якія мяне падтрымлівалі. І падтрымліваюць далей. Таму што гэта і псіхалагічная вялікая траўма, што ты не можаш бачыць сваіх блізкіх, табе трэба шукаць працу, табе трэба шукаць жыллё, табе трэба вучыць мову. І, ведаеце, я нават першыя два месяцы баялася ездзіць на аўтобусе, таму што я не ведала, як заплаціць за праезд, як купіць білет і хадзіла вельмі шмат пешшу.

РР: Вы адпрацавалі ў культуры 24 гады. Потым вымушаныя былі з’ехаць. Тут, якую працу вам давялося шукаць?

Рэгіна Лавор: Я працавала каля месяца на прыбіранні апартаментаў.  Таксама спрабавала знайсці працу афіцыйна, каб уладкавацца. І, на жаль, гэта быў такі мой цяжкі вопыт. Бо я пайшла на “Кухні вікінга” і, дарэчы, адпрацавала там толькі 3 дні. Таму што гэта было натуральнае рабства. Па-першае, па ўмовах я не атрымала ні дамовы, не атрымала ніводнага дакумента, ні санітарнай кніжкі. І ўвогуле 9 – 10 гадзін адпрацаваць пры тэмпературы 9 градусаў, уся праца на нагах ва ўзросце за 50, канешне, вельмі складана. І ўвесь гэты час, калі я нейкімі падпрацоўкамі займалася, то для мяне гэта быў такі вопыт, які я лічыла часовым, вымушаным, таму што я разумею, што ўсё, што я стварала столькі год, засталося ў Беларусі. І немагчыма тут скарыстацца маімі ведамі і навыкамі. Але тое, што я займаюся вышыўкай і пачала гэта яшчэ ў Беларусі, мне вельмі дапамагло тут. Таму што я пачала больш актыўна займацца сваёй старонкай у Інстаграм. І ў мяне з’явіліся якіясьці замовы. І гэта дало магчымасць зарабіць нейкія грошы, каб можна было зняць жыллё.

РР: Ці верыце Вы, што праз 5 год, напрыклад, вернецеся? А калі не вернецеся, як Вы бачыце сваё жыццё ў эміграцыі?

Рэгіна Лавор: На сённяшні час жыву толькі тым, што вярнуся. Таму што я не ўяўляю сабе жыцця ў эміграцыі. Уся мая сям’я засталася ў Беларусі. І для мяне гэта цяжкі момант, таму што пабачыць сваіх блізкіх я не маю магчымасці. Мне падаецца, што ў такім узросце вельмі складана будаваць штосьці проста з нуля. І таму я зараз адаптавалася да таго, што гэта ў мяне якісьці час, які я ўсё ж такі чакаю. І гэтае чаканне ў мяне пераўтварылася ў вельмі шмат рознай працы – гэта вышыўка, мерапрыемствы, валанцёрства, дапамога розным людзям. Для таго, каб проста не было магчымасці асабліва думаць пра тое, што сітуацыя будзе зусім дрэннай і вярнуцца будзе немагчыма.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя