Статус бежанца ў Швейцарыі днямі атрымаў беларускі грамадскі і палітычны актывіст Аляксандр Стральцоў. Там ён апынуўся праз пераслед на радзіме ды праз пройдзеную вайну ва Украіне.

Падрабязней сваёй гісторыяй падзяліўся наш сённяшні Госць Рацыі ў гутарцы з намі:
РР: Давайце акрэслім, як даўно Вы як грамадзянін Беларусі перабывайце ў Швейцарыі? Якая Вашая гісторыя?
– У Швейцарыі я з красавіка 2022 году, куды я прыбыў у сваю чаргу фактычна з баёў за Кіеў. Абараняў Кіеў у першыя дні, атрымаў там розныя траўмы. Хто сачыць непасрэдна за мной, то там гэтыя падзеі асвятляліся ў розных блогераў, у артыкулах. Адным словам, крыху з паламанымі косткамі, але даехаў урэшце рэшт да Швейцарыі, папрасіў тут палітычнага прытулку.
РР: Чаму менавіта гэтая краіна?
– Скажам так, гэта фактычна выпадковасць. Да пачатку вайны я якраз знаходзіўся у Кіеве, збег ад рэжыму Лукашэнкі я ў снежні 2021 году. І меркаваў над тым, куды далей я мог бы патрапіць. Натуральна, гэта была бы нейкая англамоўная краіна: ці Злучаныя Штаты, Брытанія, Аўстралія, бо я вольна размаўлю па-ангельску, то ўжо так скажам, што вайна так павярнулася, што ў прынцыпе мне падказалі нашыя ўдзельнікі асацыяцыі беларусаў-прадпрымальнікаў у Кіеве, што напэўна ёсць для мяне сэнс ехаць у Швейцарыю. Яны мне разоў пяць пра гэта пісалі, і ўрэшце рэшт яны мяне пераканалі.
РР: З чаго складаўся Ваш шлях да Швейцарыі, якія дакументы збіралі, калі збіралі канешне?
– Дакументы, якія я прадставіў, уключалі канешне матэрыялы маіх крымінальных спраў у Беларусі, здымкі таго, як мяне фактычна выкрадалі і збівалі на галоўным праспекце Беларусі, засоўвалі ў машыну без апазнавальных знакаў. Так што калі б не патрапіліся журналісты, каб не знялі гэта, то мяне маглі б вывезці ў нейкі лес назаўжды.
– Скажам так, за гадоў 20 майго палітычнага жыцця, якім я фактычна са студэнцкіх гадоў, з 18 год займаюся, накапілася вельмі багата пунктаў. Калі не памыляюся, у мяне было нешта каля 10 пунктаў. І за мой удзел у абароне Кіева я быў абазначаны як тэрарыст, як крывавы злачынца, як крывавы найміт. І «Савецкая Беларусь», і гэтыя «Жоўтыя слівы» пра мяне асабіста пісалі – што вось, такі тэрарыст ёсць. Там ужо і канкрэтныя артыкулы называліся. І ў выніку я быў прызнаны вязнем сумлення яшчэ ў 2008-2010 гадах.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Грамадскі дзеяч Аляксандр Стральцоў дадаў, што самае першае пытанне, якое перад ім стаіць – гэта пошук годнай працы ці развіцця ўласнага бізнэсу. Толькі пасля гэтага можна будзе вяртацца да актыўнага палітычнага ці сацыяльнага жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя






