Рэпрэсіі ў Берасцейскай вобласці, як і па ўсё рэспубліцы, сёлета наўрад ці спыняцца. Гэтую выснову можна зрабіць па тых тэндэнцыях, што назіраліся за апошнія месяцы.

Выйсце на волю праз памілаванне ці прымусовую дэпартацыю змяншае колькасць палітвязняў. Але ў той жа час ёсць сотні іншых, якія баяцца проста агучыць тыя рэпрэсіўныя дзеянні, якія адбываюцца ў адносінах да іх, – адзначыла праваабаронца праваабарончага цэнтру “Вясна” спадарыня Ганна:
– Тэндэнцыя такая, што сёлета будзе працягвацца тое, што мы назіралі ў 2025 годзе. Крымінальныя і адміністрацыйныя справы працягваюцца. Па крымінальных больш вядома, людзей досыць масава судзяць па артыкуле за так званае «садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці». То бок, сюды уключаецца і «справа Гаюна», за тое, што людзі перадавалі ў аднайменную ініцыятыву нейкія дадзеныя, і за нейкія іншыя «экстрэмісцкія фармаванні».
Днямі стала вядома, што колькасць палітвязняў у Берасцейскай вобласці зноў вырасла на 2 асобы. Цяпер гэта 209 чалавек. Да спісу дададзеныя Зміцер і Вольга Капузы, якія па меркаванні следства нібы працавалі на ўкраінскія спецслужбы.
Беларускае Радыё Рацыя






