Па ўсёй Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, у краіне па-ранейшаму насаджаецца атмасфера страху, пішуць у справаздачы беларускія праваабаронцы. Яны падвялі вынікі адміністрацыйнага пераследу за студзень. Было не менш за 560 фактаў рэпрэсій. З іх як мінімум 310 — затрыманні. Атрымліваецца, што ў студзені штодня затрымлівалі па 10 чалавек.

Таксама ў мінулым месяцы было як мінімум 349 адміністрацыйных працэсаў па палітычных матывах. Вядома пра 46 прызначаных судамі адміністрацыйных арыштаў і 77 штрафаў. Да таго ж у Беларусі пачалі судзіць “за палітыку” па артыкуле, які дагэтуль не выкарыстоўваўся. Гэта — “выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам”.
Сёння паведамляецца пра чарговы “хапун” на Гомельшчыне. Вядома, што затрыманыя як мінімум сем чалавек.






