Рэпрэсіўная палітыка беларускіх уладаў не змянілася, у краіне па-ранейшаму насаджваецца атмасфера страху. Праваабаронцы прадставілі агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў студзені.

Як піша Праваабарончы Цэнтр «Вясна», вядома пра не менш чым дзвесце семдзесят адзін адміністрацыйны працэс па палітычных матывах. Суды вынеслі як мінімум сорак тры штрафы агулам на амаль тысячу базавых велічыняў і дваццаць сем арыштаў агулам на амаль трыста сутак.
Цягам апошняга тыдня студзеня ў Беларусі адбываліся затрыманні людзей, якія падазраюцца ў атрыманні дапамогі ад гуманітарнага праекта INeedHelpBy, рэпрэсіі закранулі больш за дзвесце чалавек.
У ноч з восьмага на дзявятага студзеня ў калоніі № 3 Віцьба памёр яшчэ адзін палітычны зняволены — 50-гадовы Вадзім Храсько, якога ў жніўні асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за некалькі ахвяраванняў ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі.
Крыніца: “Вясна”






