BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Рэжыму важней кантроль над грамадзянамі, чым іх бяспека”

Для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “куды важней трымаць грамадзян пад кантролем, чым клапаціцца пра іх здароўе ды бяспеку”, так беларуская дэмакратычная лідакар Святлана Ціханоўская пракаментавала сітуацыю з падзеннем дрона ў Менску.

© Photo: Telegram / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

“Гэтай ноччу ў Менску быў збіты чарговы расейскі беспілотнік, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Ён упаў побач з дзіцячым садком № 12 і праляжаў там паўгадзіны да прыезду міліцыі. На шчасце, гэтым разам абышлося без ахвяр. Але толькі за тыдзень на тэрыторыю Беларусі заляцела 59 дронаў, і тое, што ніхто не пацярпеў, — гэта ўсяго толькі шчаслівы збег абставінаў”.

Паводле слоў Ціханоўскай, “рэжым лічыць нармальным трымаць грамадзян у няведанні: не папярэджвае пра пагрозы праз SMS, ТБ альбо радыё”, “не дае інструкцый, як гарантаваць бяспеку дзецям альбо сталым людзям”, “не раскрывае падрабязнасцяў інцыдэнтаў”.

Пра інцыдэнт са спасылкай на відавочцаў паведаміў партал “Люстэрка”. Было заяўлена, што дрон урэзаўся ў дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.