BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэжысёр Васіль Калач: З сабою нічога, апроч самога сябе, узяць было немагчыма

Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё спачатку і засвойваць новыя прафесіі.

Гісторыя 7. Васіль Калач скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці актор драматычнага тэатра і кіно. Выкладаў у гімназіі тэатральныя дысцыпліны, быў мастацкім кіраўніком школьнага тэатра. Паралельна ўсё жыццё займаўся гістарычным фехтаваннем.

Васіль Калач цяпер у Беластоку для душы займаецца гістарычнай рэканструкцыяй у клубе “Invictus 1863”. А да гэтага ў Беларусі быў стваральнікам тэатральнай групы. Спачатку гэта быў тэатр пластыкі і пантамімы. А потым група перафарматавалася ў фрык-тэатр “Гексаген”. Дарэчы, акторы тэатра падвяргаліся нападкам з боку прапагандысткі Вольгі Бондаравай, якая пісала ў сваім Telegram-канале, што акторы тэатра “выступаюць супраць дзяржаўнай улады”

— Мы рабілі вулічныя выступы, спектаклі на сцэне. Гэта была тэматыка на мяжы дазволенага, заўсёды вострасацыяльная і глыбока-філасофская, пададзеная ў жанры фрык, пададзеная і з гумарам, і з элементамі хорару, і з такімі элементамі вулічнага тэатру, як хадулі, дзіўныя строі, каскадзёрскія трукі. Пры гэтым мы ўсё спалучалі яшчэ і з турызмам, бо вулічны тэатр і турыстычная праграма вельмі добра спалучаюцца, мы інтэграваліся ў турыстычныя праекты. — Згадвае Васіль Калач сваю працу ў Беларусі.

Таксама ў Беларусі Васіль працаваў як рэжысёр гарадскіх мерапрыемстваў. Напрыклад, нефармальна ўдзельнічалі ў “Біг-Міні-Фестывалі вулічнага мастацтва” як удзельнікі, арганізатары і тэхкаманда.

З’язджаць з Беларусі Васілю Калачу давялося ў 2022 годзе праз пераслед і рызыку сесці ў турму. “З сабою нічога апроч самога сябе ўзяць было немагчыма, толькі самыя неабходныя рэчы. Таму тут усё давялося пачынаць з нуля і вельмі павольна.” — Адзначае Васіль Калач. Паводле рэжысёра, атрымаць інстытуцыйную падтрымку на адраджэнне тэатру фактычна немагчыма. “Тэатральная сфера для грантадаўцаў цалкам нязручная, таму яны заўсёды адмаўляюць, таму мы ідзём шляхам самафінансавання.” — падсумоўвае рэжысёр. У Беластоку ў Васіля атрымалася паказаць два монаспектаклі і адзін імерсійны спектакль пра стан беларускай культуры ў эміграцыі.

Пасля пераезду ў Беласток Васіль Калач першы месяц працаваў на сметніцы як грузчык смеццявоза. Працу атрымалася знайсці даволі лёгка, бо два сябры рэжысёра на той момант там ужо працавалі. Гэта Улад Бернат “Дзядзенька”, які і дагэтуль там працуе. А таксама Аляксей Пасікаў, гарадзенскі музыка і своеасаблівы шоумен сярод панкаўскай субкультуры. “Яны мне распавялі, куды звяртацца. Гэта было праз агенцыю. Праца была паводле “умовы злецэня». Зразумела, там быў не вельмі вялікі заробак і даволі цяжкая праца”, — адзначыў Васіль Калач.

Праца на смеццявозе пачыналася ад 6 раніцы, калі трэба было быць на прадпрыемстве, пераапрануцца і ехаць у экіпажы смеццявоза збіраць смецце з кантэйнераў. Смеццявоз сабранае смецце потым вывозіць на палігон адкідаў. Праца на смеццявозе адбывалася па 8 гадзін штодзень.

Праца цяжкая, своеасаблівая, не ўсім падыходзіць, таму што ты працуеш з адкідамі. А гэта заўсёды антысанітарыя. Ёсць, зразумела, пэўныя захады бяспекі: ты падтрымліваеш сябе і сваю форму ў належным стане, працуеш у пальчатках і ў рэспіратары пры неабходнасці. Смецце абавязкова сегрэгуецца. Няма такога, як у Беларусі, калі з розных кантэйнераў усё вывальваецца ў адзін смеццявоз, а потым сартыруецца на палігоне. Не, калі збіраецца пластык, то толькі пластык, калі біявыкіды, то толькі біявыкіды, калі шкло, то толькі шкло. — Распавёў пра ўмовы працы Васіль Калач.

Кожны смеццявоз абсталяваны камерай відэаназірання, каб кантраляваць сегрэгацыю смецця. Рабочыя не маюць праца скідваць смецце ў адно месца. Гэта кантралюецца гарадскімі службамі.

Праз месяц пасля працы на смеццявозе Васіль атрымаў прапанову працаваць сцэнографам на Белсаце. Цяпер ён як дыктар вядзе навіны на 6TV і перадачу “Сармат” на тэлеканале “Будзьма”. Перадача “Сармат” — пра шляхецкую культуру і гістарычныя цікавінкі, звязаныя з беларускай шляхтай, шляхецкімі традыцыямі. “Гэта не зусім журналісцкая праца, бліжэй да акторскай, таму што я не шукаю навіны, я іх рэдагую і зачытваю. Гэта хутчэй праца рэдактарская і акторская, бо я павінен падаць усё з экрана і пры гэтым не пераігрываючы як актор”, — кажа рэжысёр.

Калі ў Беларусі адбудуцца змены, то Васіль плануе працаваць на дзве краіны:

Перспектыва заўсёды мае некалькі шляхоў і кірункаў. Абіраць адзін — гэта стратэгічна абрубіць іншыя магчымасці. Калі ў мяне атрымаецца наладзіць тут тэатральную працу, сваю працу, то нішто не замінае пры зменах у Беларусі працаваць на дзве дзяржавы. Тэма тэатру заўсёды актуальная, межы і культурныя асаблівасці не вельмі замінаюць, калі ёсць нармальная сістэма дзяржаўнага кіравання, якая проста не ўмешваецца ў натуральныя працэсы. А тым болей выкладчыцкая дзейнасць не абмяжоўваецца фізічнымі межамі дзяржаў. Я даношу сэнсы, я даношу інфармацыю, якая карысныя і палякам, і беларусам. І спадзяюся атрымаецца пашыраць дзейнасць, а не накіроўваць у адным ключы. Калі адбудуцца змены ў Беларусі, то стратэгічна і палітычна маем неабходнасць наладжваць зноўку тыя стасункі, якія былі калісьці і якія былі зруйнаваныя гэтай існуючай у Беларусі нелегітымнай уладай.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя

Жыццё з нуля. Гісторыя 1. Алег Корбан

Жыццё з нуля. Гісторыя 2. Вольга Івашына

Жыццё з нуля. Гісторыя 3. Алена Шымоліна

Жыццё з нуля. Гісторыя 4. Рэгіна Лавор

Жыццё з нуля. Гісторыя 5. Жана Захаркевіч і Надзея Сцепанцова

Жыццё з нуля. Гісторыя 6. Валерыя Шкода