15 лютага спаўняецца год, як родныя палітзняволенай Марыі Калеснікавай не атрымліваюць ад яе ніякіх вестак, піша Associated Press са спасылкай на сваякоў.

“Я магу толькі маліцца, каб мая дачка была жывая, таму што адміністрацыя турмы ў Гомелі не дазваляе спаткання і не адказвае на мае лісты і просьбы”, — сказаў агенцтву бацька Марыі – Аляксандр Калеснікаў.
Марыя Калеснікава была асуджана ў верасні 2021 года на 11 гадоў калоніі.
У інфармацыйнай блакадзе аказаліся і многія іншыя вядомыя палітзняволеныя. Больш за год няма інфармацыі пра асуджанага на 14 гадоў Мікалая Статкевіча. З красавіка няма дакладнай інфармацыі пра Віктара Бабарыку, які асуджаны на 14 гадоў калоніі. Практычна няма вестак ад Алеся Бяляцкага, Максіма Знака, Змітра Дашкевіча і шматлікіх іншых палітвязняў.
Беларускае Радыё Рацыя