Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк на патрабаванне следства прызначылі чарговую псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу, ужо чацвёртую. Пра гэта пішуць берасцейскія праваабаронцы са спасылкай на мужа Паліны Андрэя Шарэнду.

Двойчы яе накіроўвалі на абследаванне ў РНПЦ псіхічнага здароўя і яшчэ адзін агляд ладзілі проста ў СІЗА. Усе ранейшыя абследавання паказалі, што з псіхіятрычнага гледзішча яна цалкам здаровая.
Андрэй Шарэнда таксама расказаў, што яго жонка просіць родных, сяброў і праваабаронцаў дапамагчы ў яе вызваленні. Паводле Паліны, яна сама зрабіла ўсе намаганні для вызвалення і выканала ўсе патрабаванні, якія выстаўляюць палітзняволеным. Цяпер Паліна — у гомельскім СІЗА. Пры гэтым сувязі з сям’ёй у яе няма. Ні ў траўні, ні ў чэрвені родным не ўдалося аформіць ёй перадачы. У СІЗА ім сказалі, што ліміт вычарпаны, бо нехта ўжо перадаў Паліне 30 кілаграмаў морквы сумнеўнай якасці.
Нагадаем, што палітзняволеная павінна была выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе перавялі ў СІЗА ў рамках новай крымінальнай справы паводле артыкула 411 (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).
***
Ужо другі месяц немагчыма перадаць перадачу палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк, якая знаходзіцца з 19 траўня ў гомельскім СІЗА.

Другі месяц супраць Паліны здзяйсняюцца правакацыі. Другі месяц ёй нібыта перадаюць па 30 кілаграм морквы не лепшай якасці. Тым самым ліміт на перадачы вычарпаны, і родныя не могуць перадаць перадачу з харчаваннем, каб падмацаваць аслаблены арганізм Паліны.
Кажа яе муж Андрэй Шарэнда:
– Маці ж была 21, мае прыехалі раніцай а дзясятай, запыталіся, ці тут яна. Пабеглі перадачы збіраць, сабралі, а дванаццатай недзе прыехалі, а ім сказалі – усё, ліміту няма. Мы пасылкамі дасылаем.
Паводле Андрэя Шарэнды, але ў пасылку пры такой спякоце не пакладзеш карысных і добрых харчоў. І калі аддадуць пасылку – невядома. З ранейшай практыкі правяраюць тыдзень-два. З Палінай па-ранейшаму няма ніякай сувязі.
Беларускае Радыё Рацыя






