Міжнародная арганізацыя “Рух беларускіх нацыяналістаў” сёння далучыцца да святкавання Дня незалежнасці Літвы. Пры гэтым з пачатку году ініцыятыва правяла ўжо шэраг іншых мерапрыемстваў. Пра іх, супрацьстаянні прыхільнікам кіравання Аляксандра Лукашэнкі, а таксама агульныя тэндэнцыі аб’яднання яе прадстаўнік Міхал Родзька распавёў нашаму радыё.

РР: Распачаўся 2025 год. З чаго – для аб’яднання “Рух”?
Міхал Родзька: Мы правялі даволі вялікае мерапрыемства, яно называлася “Каліноўскі марш” і было прымеркавана да дня народзінаў нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Яно праходзіла 1 лютага на Беласточчыне. Таксама 1 лютага – гэта дата пачатку паўстання 1863 года на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Гэтае мерапрыемства было з мінімальнымі абмежаваннямі, бо яно праходзіла ў памежнай зоне. Мы ўсе ведаем, якая сітуацыя зараз, там гібрыдная агрэсія з боку рэжыму Лукашэнкі на мяжы. Таму было абмежаванне ад памежнікаў – да 50 удзельнікаў. Пры ўсіх абмежаваннях прайшло ўсё даволі паспяхова. Яно стартавала ад Гарадка. Мы прайшлі больш за 5 кіламетраў да вёскі Страшава, адкуль удзельнікі ўжо праехалі аўтапрабегам да вёскі Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Увесь наш маршрут склаў 26 кіламетраў. Гэта сімвалічна састаўляла як 26 гадоў жыцця нашага героя Кастуся Каліноўскага. Прайшлі маршам усе – і дзеці былі там, і старыя і малыя, усе ішлі бадзёра. Усё прайшло даволі паспяхова. І ў Мастаўлянах у нас адбыліся ўрачыстасці, імпрэза з удзелам клубу “Invictus 1863” – гэта рэканструктарскі клуб па паўстанні, які знаходзіцца ў Беластоку.
РР: Гэта толькі адно мерапрыемства, але толькі ім усё не абмежавалася.
Міхал Родзька: Так, гэтым мы не абмежаваліся. Адбыліся “выбары”, больш вядомыя як “бязвыбары” у Беларусі. Да іх лукашысты ў розных краінах свету праводзілі свае прапагандысцкія акцыі-агітацыі. Напрыклад, у студзені ў Вене з’явіліся плакаты з выяваю Лукашэнкі і з подпісамі ў ягоную падтрымку. На што вельмі аператыўна адрэагавала нашая аўстрыйскія філія. Яны былі садраныя, а на некаторыя налеплены гумарыстычныя налепкі. Таму мы супрацьстаялі лукашыстам у Вене. Пасля гэтага лукашысты правялі акцыю ў Бялградзе. Наша балканская філія таксама даволі хутка адрэагавала. І мы зрабілі свае плакаты, каб паказаць сербскаму народу, кім сапраўды зяўляецца Лукашэнка.
Сачыць за дзейнасцю аб’яднання можна ў тэлеграм-канале (t.me/ruchbelnac), а таксама ў інстраграм-акаўнце (instagram.com/ruchbelnac).
Цалкам гутарка:
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя






